Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Гілі і іх асноўная зімовая ежа

гіль

У гэтым годзе ў нас чамусьці слабы ўраджай у клёнаў і пенсільванскіх ясеняў, а іх насенне - асноўны зімовы корм для гілёў (Pyrrhula pyrrhula). Яшчэ гілі, канешне, ядуць і насенне ясеняў (але іх у горадзе вобмаль), збіраюць яго з рознага пустазелля ціпа крапівы, а таксама 'дастаюць' з розных ягад. Але ўсё гэта толькі дадаткі да 'асноўнага блюда' - крылатак клёнаў і пенсільванскіх ясеняў.

І тое, што на многіх дрэвах няма патрэбнай гілям ежы, прымушае іх засяродзіцца на параўнальна невялікай колькасці тых клёнаў і пенсільванскіх ясеняў, дзе тое насенне ёсць. І гэта - як і іх пазыўкі "Гіль? Гіль!" - значна аблягчаюць іх пошукі. Звычайна птушкі, калі іх не турбуюць людзі ці драпежнікі, могуць амаль без перапынку харчавацца на тых самых дрэвах з дня ў дзень гадзінамі, выбіраючы найбольш смачнае (?) і пералятаючы да яго з галіны на галіну ці на бліжэйшыя дрэвы. Але перапынкі ўсё ж неабходныя і робяцца яны для таго, каб ...папіць. Калі недзе побач ёсць рэчка, ручаіна ці незамёрзлая калужына, ахвотна ляцяць і п'юць ваду з іх. А калі адкрытай даступнай вады няма - таксама не праблема, бо гілі без праблем хапаюць дзюбай і п'юць ...снег (гл. здымкі ніжэй)!  І часам робяць гэта зусім побач на тых самых галінках, з якіх абрываюць крылаткі.

Зразумела, што такія 'кормныя' для гілёў дрэвы можа лёгка пазнаць узімку нават тады, калі на іх яшчэ не прыляцелі сёння ці ўжо адляцелі гілі - пад імі на снезе будзе шмат крылатак ці маленькіх 'верацёнак' ад насння пенсільванскага ясеня. Канешне, гэтае насенне паступова ападае і самастойна, асабліва пад час моцных вятроў. Але гілі, без сумневу, у гэтым  моцна `дапамагаюць`, бо проста кідаюць вылушчаныя абалонкі пад дрэвы, якіх штодзень з'ядаюць сотні.

Чым бліжэй да вясны, тым менш асноўнай зімовай, ды і неасноўнай ежы застаецца - усё паступова з'ядаецца птушкамі. Таму гілі пераходзяць на пупышкі лісцевых дрэваў, аднак цяпер гэта яшчэ яўна непапулярная для іх ежа.

Гродна, 06-08 і 11.12.2023

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі