Пасля маёй другой сустрэчы з круцігалоўкай (Jynx torquilla) у цэнтры гораду, я ўжо быў маральна гатовы на наступныя. Але наступныя ўсё роўна адбыліся ізноў нечаканымі.
Справа ў тым, што я пачуў упершыню нейкі незнаёмы птушыны голас. Быў ён гучны, хуткі, падобны да галасоў еўрапейскага ўюрка і лескі-завірушкі і таму я быў ўпэўнены, што гэта нехта з вераб'іных.
Прычым птушка з гэтым 'новым голасам' і паводзіла сябе адпаведна лескам - хавалася ў лістоце, пералятала незаўважна для мяне і я быў амаль упэўнены, што гэта нейкі нетыповы голас лескі-завірушкі. Аднак ні разгледзець яе, ні тым больш сфатаграфаваць не атрымлівалася. Але ў той дзень я ізноў убачыў сярод галін старой яблыні круцігалоўку і нават здалёк убачыў, як дарослая птушка карміла ўжо вялікага злётка.
Таму на наступны дзень я чакаў, што атрымаецца ўпэўніцца ў маіх падазрэннях і сфатаграфаваць тую леску. Але адбылося нечаканае - невядомы голас пералятаў навокал і, нарэшце, яго крыніцай атрымался ... круцігалоўка! Яна села нада мной на бярозе і пракрычала ім!
Яго функцыю я так і не зразумеў - магчыма яна звязаная з кармленнем галодных злёткаў, але яўна не кожны раз гэтыя падзеі супадаюць.
Гродна, 09-10.07.2020
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ