Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Мая першая мурмурацыя

шпак

Дакументацыйныя здымкі

Мы з братам прыехалі на балота як раз у час, каб паназіраць за захадам сонца і тымі птушкамі, якія злятаюцца туды на начлег. Спачатку на вадзе нікога, апроч лебедзяў-шыпуноў, вялкіх коўраў і часам лысак не было, але гэта пачало хутка змяняцца як сонца пачало сядаць за пагоркі з лесам.

У паветры над вадой балота і поймай рэчкі Свіслач пачалі пралятаць вялікія групы-чародкі шпакоў (Sturnus vulgaris), якія змянялі абрысы сваіх птушыных аблокаў і то прападалі, то з'яўляліся зноў. І вось даволі раптоўна гэтыя аблокі і воблачкі шпакоў аб'ядналіся ў адно вялізнае, якое хутка і прыгожа змяняла форму і як бы перацякала з адной у другую і наступныя, часам распадалася на 2-3 меншага памеру і зноў аб'ядноўвалася.

Гэта была мурмурацыя, якую я ўпершыню бачыў на свае вочы і адбывалася яна не проста так - шпакоў зверху і збоку атакавалі 2 ці 3 драпежныя птушкі, але кожны раз, часцей у апошні момант,  бліжэйшыя да драпежніка птушкі ўварачваліся ад небяспекі і гэтае неверагоднае відовішча працягвалася. Але праз хвіліны 3-4 усё раптам скончылася таксама нечакана, як і пачалося. Від(ы) драпежных птушак з-за вялікай адлегласці і недахопу святла вызначыць не атрымалася, .падалося толькі што прынамсі адна з птушак была шуляком, а іншая - сокалам, але гэта няпэўна. Ну і агульную колькасць шпакоў я ацаніў на максімуме ў 3-4 тысячы птушак. 

Не так даўно навукоўцы знайшлі, што каб адбываліся такія і падобныя суладныя палёты вялікай па колькасці  птушак, кожнай з іх дастаткова сачыць і адпаведна рэагаваць на 7 бліжэйшых суседзяў. Я ведаў пра гэта, але назіраць за гэтым неверагодным прыродным спектаклем ад гэтага не стала менш цікава.

Балота Грайна, Бераставіцкі раён Гарадзеншчыны, 29-03-2025

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі

Каментары