Хаця пасля неаднаразовых назіранняў самца сокала-пустальгі (Falco tinnunculus), які мінулым летам паляваў паміж т.зв. новым і старым замкамі над расліннасцю на іх схілах, я не павінен быў здзіўляцца сёлетняй сустрэчы ў тым жа месцы, аднак усё роўна гэта адбылося нечакана. Тым больш спачатку мне падалося, што сокал ужо трымае нешта параўнальна вялікае і выцягнутае ў лапах. Але хутка аказалася, што гэтак дзіўна выглядае хвост птушкі без часткі рулявых з аднаго боку, якія выпалі і, насамрэч, птушка завісае з пустымі лапамі:
Кожнае завісанне, якіх за 20 хвілін маіх назіранняў адбылося мноства, адбывалася на рознай вышыні і над рознымі месцамі, але кожны раз дзякуючы хуткай працы крылаў, самец на некалькі секунд, а часам і яшчэ карацей, меў магчымасць дакладна праглядзець большы ці меншы ўчастак схілаў пад 'замкамі', якія зараслі густой травяністай расліннасцю:
Зразумела, што птушцы кожны раз трэба было знайсці баланс паміж вышынёй, на якой яна завісала, і плошчай участка, якую яна за раз магла даследаваць з такой вышыні. Чым вышыня была большай, тым тэарэтычна большай была і гэтая плошча. Але хаця меншая вышыня, здавалася б, была горшым варынятам, але менавіта яна дазваляе не толькі ўбачыць патэнцыйную ахвяру, але і падрыхтавацца да атакі на яе і своечасова спікіраваць і схапіць. З большай вышыні можна не паспець гэтага і тады завісанне траціць сэнс, а разам з ім і параўнальна вялікая энергія, якую трэба застраціць на такі своеасаблівы тып палёту. Таму, часам самец паступова, як бы па прыступках, зніжаўся раз за разам там, дзе заўважаў нейкую здабычу, але нават спробаў сесці ў расліннасць, каб некага схапіць у ёй, не рабіў. Ажно праз 20 хвілін хуткае пікіраванне пасля чарговага завісання скончылася поспехам - птушка ўзляцела з грызуном, палёўкай, у лапах! Засталося аднесці яе партнёрцы на гняздо, чым працяглае паляванне і скончылася.
Гродна, 02-05-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ