Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Вялікія савукі на Гараднічанцы: I had a dream, ч.ІIІ

вялікі савук

Працяг. Папярэднія часткі ТУТ і ТУТ

Дакументацыйныя здымкі

У той дзень я не спяшаючыся йшоў да норкі зімародка на Гараднічанцы, перайшоў праз мосцік на іншы бераг рачулкі і калі затрымаўся там каля высокага дуба, пачуў з боку рэчкі дзіўнаватае, але выразнае пахрукванне. Варыянты яго паходжання былі толькі два, або бабёр, або... І я чамусьці адразу здагадаўся, што адбываецца як раз тое, што я марыў убачыць! Я кінуўся да рэчкі і хутка знайшоў прагаліну паміж дрэўцамі на беразе. Так і ёсць, гэта самка вялікага савука (Mergus merganser) падганяе сваіх качанят, якія яўна зусім нядаўна вылупіліся і выпрыгнулі за ёй з дупла (або з нары?)! 

 

Ну можа не зусім падганяе, а выразнымі гукамі дае ведаць, што яна наперадзе і нават калі не бачыш маму, плыві на гэты гук і яна там будзе. Плынь у Гараднічанкі розная, і там дзе яна запавольваецца і адпаведна запавольвалася самка, птушанятаў амаль заносіла вадой на яе спіну.  Але ўтрымацца там яны не маглі - самка спяшалася даплыць да Нёмана, малыя скаталіся са спіны ў ваду і ўся сям'я з 10 малымі вялікімі савукамі пранеслася міма мяне.

Я пабег на мосцік, які перайшоў зусім нядаўна і з яго паспеў зрабіць яшчэ некалькі кадраў. За ім ляжаў шырокі і амаль плоскі абломак бетоннай трубы вялікага дыяметру на які прыйшлося посуху перабегчы спачатку самцы, а потым і качанятам каб плыць далей. І хаця тут адлегласць паміж мамай і малымі стала найбольшай - некалькі метраў, яна зусім не запавольніла сваё плаванне і качаняты, на дзіва для мяне, хутка яе дагналі па вадзе.

Я канешне мог пабегчы метраў 300 да Нёмана і там, у вусці Гараднічанкі, паспрабаваць зрабіць яшчэ некалькі здымкаў як самка прыплыве з малымі ў вялікую раку. Але з тым фоцікам, які быў у мяне тады, гэта не мела асаблівага сэнсу і гэты важны момант я не бачыў і можна сказаць свядома прапусціў. 

Можа каб пашанцавала яшчэ раз і зняць гэта сёлета?

Гродна, 03-05-2025

Працяг будзе

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі