Працяг, пачатак гісторыі ТУТ і ТУТ
На наступны дзень вывадак вясковых ластавак (Hirundo rustica) перамясціўся на сухое дрэва, у месца, якое я называю 'фотазонай' (падрабязней пра яго ТУТ). З-за таго, што у гэтага былога дрэва шмат галін, на ім вольна размясціліся не толькі 5 маладых і 2 ці 3 дарослых вясковых ластаўкі, але яшчэ і 1-2 ластаўкі-зямлянкі.
Дарослыя птушкі адпачывалі і чысціліся, маладыя ж чакалі ад іх ежу. Зразумела, што адно з другім ніяк не спалучалася. І хутка адно з птушанят, двое якіх сядзелі пад дарослай птушкай, вырашыла дзейнічаць: пачало крычаць і прасіць есці. Дарсоллая ж не звяртала на гэта ўвагі і працягвала займацца сваёй справай. Тады птушанё з дапамогай крылаў і з крыкамі амаль без перапынкаў, пачало ўзбірацца па нахіленай галіне ўсё вышэй і бліжэй, ажно фактычна выпхнула дарослую ластаўку з яе прысады.
Той нічога не заставалася, як адляцець. Не ведаю, тая ці іншая, але дарослая птушка вярнулася ўжо праз 3 хвіліны і пакарміла дакладна гэтага крыкуна)
Гродна, 12-06-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ