Самая багатая на птушак краіна ў Свеце стварыла самы вялікі трапічны нацпарк

У самым пачатку ліпеня адбылася неверагодна важная падзея для захавання трапічных дажджавых лясоў - у Калумбіі нацыянальны парк Serranía de Chiribiquete быў афіцыйна павялічаны да 4.300.000 гектар! Такім чынам, ён стаў самай вялікай ахоўваемай тэрыторыяй падобнага тыпу ў Свеце і ў дадатак атрымаў статус як Сусветная спадчына (UNESCO World Heritage) у прызнанне яго "вялізарнага ўніверсальнага значэння" для прыроды і людзей. 

Калумбійскі прэзідэнт Хуан Мануэль Сантас (Juan Manuel Santos) перш павялічыў плошчу гэтага нацыянальнага парку да 1,5 мільёнаў гектар яшчэ сёлета ў лютым, а цяпер падвёў вынік дзесяцігоддзям сумесным дзеянням па ахове мясцовай прыроды прыродаахоўных арганізацый і калумбійскага ўраду.


“Гэта - вырашальны момант у захаванні ключавых экасістэм Калумбіі" - сказала Мары Луі Гіггінс (Mary Lou Higgins), дырэктарка WWF-Colombia. “Гэта таксама вельмі важны лёсавызначальны момант для Амазоніі і захавання лясных экасістэм ва ўсім Свеце. Пашырэнне нацпарка і прызнанне яго прыроднай Сусветнай спадчынай - значны крок да захавання гэтых месцаў для будучых пакаленняў".

Размешчаны ў сэрцы калумбійскай часткі Амазоніі, нацыянальны парк Serranía de Chiribiquete  быў створаны ў значна меншым памеры ў 1989 годзе і ёсць важным месцам для захавання біяразнастайнасці - тут адно з самых разнастайных месцаў сярод раслінных супольнасцяў у паўночнай Амазоніі і тут жывуць тысячы відаў жывёл і сярод іх - тутэйшы эндэмік - калібры Chiribiquete emerald hummingbird (Chlorostilbon olivaresi).


У дадатак да аграмаднага прыроднага значэння, створаны нацыянальны парк з'яўляецца домам для многіх індзейскіх плямёнаў і менавіта тут знаходзяцца каля 70 тысяч старажытных малюнкаў на камянях узростам пр. 20 тысяч гадоў - самае старажытнае і багатае на петрогліфы месца на абодвух амерыканскіх кантынентах.  

Паводле www.worldwildlife.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 


На гэтую тэму:

Калумбія ізноў першая ў разнастайнасці птушак

Новы від птушак апісаны ў Калумбіі

Новы від птушак з Калумбіі – як гэта было

СЕНСАЦЫЯ – У АМАЗОНІІ ЗНОЙДЗЕНЫ 15 НОВЫХ ВІДАЎ ПТУШАК!