Вяртанне грывастага ібіса ў Еўропу праз 400 гадоў адсутнасці - контраверсійны праект працягваецца

Грывасты ібіс (Geronticus eremita) - адна з самых рэдкіх птушак на Свеце - у прыродзе засталося не больш 1000 асобін, від мае статус крытычна пагражаемага. Аднак міжнародная каманда навукоўцаў пачала вялікі і складаны праект па вяртанні віду ў Еўропу, дзе ён быў даўно вынішчаны. Акрамя рэінтрадукцыі ібісаў у створаныя для іх штучна месцы гнездавання, даследчыкі выкарыстоўваюць параглайдэры каб паказаць птушкам магчымыя месцы зімоўкі ў Міжземнамор'е.


 У гістарычны час грывастыя ібісы жылі на вялікіх тэрыторыях у Паўночнай і Усходняй Афрыцы, у Малай Азіі, на Аравійскім паўвостраве і некаторых частках Еўропы. У старажытным Егіпце малюнкі добра пазнавальнага грывастага ібіса сустракаюцца ў іерогліфах, якім тысячы гадоў.


На сённяшні дзень дзікая папуляцыя віду складаецца прыкладна з 600 птушак у Марока, полудзікай папуляцыі (яна залежыць ад размнажэння птушак з няволі) з пр. 200 птушак у паўднёвай Турцыі, і, магчыма, некалькіх асобін ва Усходняй Афрыцы. Невялічкая папуляцыя ібісаў, адкрытая ў 2002 годзе з 7 птушак у Сірыі, напэўна можа лічыцца зніклай.


Такім чынам, колькасць птушак, якія ўтрымліваюцца ў заапарках і цэнтрах развядзення па ўсяму Свету - каля 1600 асобін - нашмат большая, чым іх колькасць у прыродзе.


Аднак цяпер адбываецца праект на рэінтрадукцыі ібісаў у Еўропу. Да XVII стагоддзя грывастыя ібісы сустракаліся у некаторых частках Альпаў - тых, што цяпер адносяцца да Германіі, Аўстрыі і Швайцарыі, а таксама ў і вакол некаторых тагачасных гарадоў - напрыклад, у вялікіх замках, дзе птушкі гнездавалі. Гістарычныя звесткі наконт распаўсюджання віду не вельмі багатыя, аднак, напрыклад, вядома, што від гнездаваў у гарадах Graz і Salzburg, дзе птушкі нават хадзілі сярод людзей - як белыя буслы. Ібісы сустракаюцца на ілюстрацыях адной з самых старых кніг пра еўрапейскую прыроду - "Historiae animalium" - у частцы пра птушак Конрада Геснера  (Conrad Gessner (1516 – 1565)), якая была апублікаваная ў 1557. Але праз некалькі дзесяцігоддзяў усе звесткі пра сустрэчы з ібісамі прыпыніліся. Асноўнымі прычынамі знікнення віду ў Еўропе лічаць паляванне на птушак і пахаладанне клімату. Да гэтага магла прычыніцца і т.зв. Трыццацігадовая вайна, якая адбывалася ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе ў 1618-48 гг. 


Вернемся да праекту рэінтрадукцыі віду (Waldrapp Project) ў Еўропе - на сёння ён застаецца адным з самых амбіцыёзных і контраверсійных у свеце. Цяпер у Аўстрыі і Германіі ў праекце ўдзельнічаюць 84 ібісы, якія размнажаюцца ў няволі ці ўжо рэінтрадукаваныя ў прыроду гэтых краін. Наступны важны этап праекту - навучыць птушак адлятаць на зіму ў Міжземнамор'е, паказваючы шлях на ўльтралёгкім лятальным апараце. І калі большасць праграм па рэінтрадукцыі (вяртанню відаў у прыроду) прадугледжвае вяртанне некалі зніклых жывёл у амаль тыя самыя мясціны, адкуль яны зніклі ці былі вынішчаныя, Waldrapp Project ставіць мэтай вяртанне ібісаў туды, дзе адпаведных для іх прыродных умоваў ужо магчыма няма апошнія стагоддзі. Заснавальнікі праекту кажуць, што ён першы, які дапаможа "рэінтрадукаваць мігрыруючы від, які знік на кантыненце і ўсталяваць новую міграцыйную традыцыю".


Некаторыя вядомыя заолагі і дзеячы аховы прыроды моцна крытыкуюць праект і падыходы да аховы віду, якія ў ім выкарыстоўваюцца. Асноўныя іх аргументы ў тым, што няправільна, што ён сфакусаваны на адным відзе замест захавання хаця б аднаго спецыфічнага месцапражывання ці экасістэмы. Птушкі, якія доўгі час жылі і нарадзіліся ў заапарках наўрацці змогуць прыстасавацца да самастойнага жыцця ў прыродзе. 


“Было б нашмат больш карысна сканцэнтраваць рэсурсы на папуляцыі, якая мае трэнд на павелічэнне сваёй колькасці - у Марока, а таксама падтрымаць невялікую турэцкую папуляцыю, якія знаходзяцца ў гістарычным арэале віду" - сказаў Армін Лэндман (Armin Landmann), заолаг з універсітэту Інсбрука і чалец навуковага камітэту грамадзкай арганізацыі BirdLife Austria, самай вялікай аўстрыйскай прыродаахоўнай арганізацыі.


"Ты помніш, як усё пачыналася": поспехі і трагедыі


Waldrapp Project был ініцыяваны і апрацаваны ў 2001 г. Яганесам Фрыцам (Johannes Fritz), аўстрыйскім этолагам. Фрыц упершыню сутыкнуўся з грывастымі ібісамі ў 1997 годзе, калі працаваў у даследчым інстытуце імя Конрада Лорэнца. Дзесяць птушак туды прывезлі для аднаго з праектаў з заапарку Інсбрука. "Тады я не знайшоў іх ані прыгожымі, ані вельмі цікавымі" - сказаў Фрыц.


Аднойчы раніцай аказалася, што ўсе 10 ібісаў прапалі. Некалькі дзён яны лічыліся загінулымі - магчыма, што іх забілі пугачы пасля таго, як птушкі ўцяклі з вальеры. Аднак потым з поўначы Аўстрыі пачалі паступаць паведамленні пра назіранні ібісаў у групках і паасобных птушак. "Яны пачалі восеньскую міграцыю у правільны час, толькі паляцелі не ў тым кірунку" - сказаў Фрыц. Этолаг растлумачыў гэта асаблівасцямі месцазнаходжання даследчай станцыі інстытуту дзе трымалі ібісаў - з паўднёвага боку яна акружаная высокімі скаламі. 


Канчаткова ж ідэя рэінтрадукцыі віду аформілася ў яго галаве пасля прагляду галівудзкага фільму "Fly Away Home,” у якім дзяўчынка дапамагае чарадзе канадзкіх казарак знайсці правільны шлях дадому. На аснове групы ібісаў з Інсбрукскага заапарку, якіх атрымалася вярнуць на станцыю, Фрыц з калегамі пачаў размнажаць гэты від у полувольных умовах каля замку Burghausen у Баварыі. У 2004 годзе ён упершыню ўзняўся ў паветра разам з птушкамі на параглайдэры - каб праверыць ці ібісы будуць ляцець за ім. Трэніроўка прайшла паспяхова - ібісы праляцелі за Фрыцам кавалак свайго магчымага міграцыйнага шляху.


Каб заснаваць міграцыйны шлях для ібісаў з Цэнтральнай Еўропы, Фрыц не мог выкарыстаць звесткі пра тое, дзе гэты від зімаваў раней і як туды далятаў, бо від быў вынішчаны ў Еўропе прыкладна 400 гадоў таму і падобных дадзеных проста не існуе. Таму замест пошукаў гістарычна вядомых месцаў зімоўкі, ён сканцэнтраваўся на тым, каб знайсці магчыма найлепшае магчымае для гэтага месца сёння. Разам з WWF, каманда праекту выбрала рэзерват Oasi Laguna di Orbetello ў правінцыі Тасканья, Італія. І менавіта туды адбылася першая міграцыя ібісаў пад кіраўніцтвам чалавека. 

птушкі


Аднак спатрэбіліся годы, каб першы грывасты ібіс прыляцеў на абранае для віду месца зімоўкі цалкам самастойна. Гэта адбылося толькі ў 2011 годзе. Птушка па мянушцы Goja нават вярнулася ў Burghausen наступнай вясной. "Так пацвердзілася наша канцэпцыя на практыцы" - сказаў Фрыц. Аднак увосень 2012 году італьянскі паляўнічы застрэліў Гойю і яе патомка. Негледзячы на гэтую трагедыю, каманда праекта вырашыла працягнуць працу з іншымі ібісамі  і з восені 2010 былі здзейснены яшчэ 4 пералёты ў Тасканью пад кіраўніцтвам чалавека, і колькасць птушак, якія вярнуліся самастойна ў Германію павялічылася з 16 ў 2014 годзе да 29 сёлета.


Гэты поспех прычыніўся да рашэння стварыць трэцюю групу гняздуючых птушак на возеры Constance, - яе утварылі 32 маладых ібіса. Цяпер даследчыкі рыхтуюцца да супольнага з гэтымі птушкамі восеньскага палёту ў Італію, які, паводле разлікаў, будзе працягвацца ад 15 да 20 дзён.


Колькасць віду ў Аўстрыі і Германіі амаль падвоілася: з 43 асобін у 2014 да 84 у гэтым. Фрыц нядаўна падаў заяўку на фінансаванне працягу праекту па рэінтрадукцыі грывастых ібісаў да 2027 году. Мэта - стварыць гняздуючыю папуляцыю з прыкладна 500 птушак, якая пашырыцца таксама на Швайцарскія Альпы і будзе здольная сама падтрымліваць сваю колькасць.


У Сірыі сітуацыя з мясцовай папуляцыяй развівалася ў супрацьлеглым кірунку. Італьянскі натураліст Gianlucca Serra, які жыў і працаваў у гэтай краіне з 2000 да 2011 году, адкрыў там рэліктавую папуляцыю ібісаў ў паўпустыні пад горадам Пальміра ў 2002 годзе. З сямі мясцовых птушак адна была пазначана перадатчыкам і была забіта ў Саўдаўскай Аравіі ў 2009-м. Тры сірыйскія ібісы назіраліся на зімоўцы ў Эфіопіі ў 2013-14 гг, аднак толькі адна з іх - па мянушцы  Zenobia - вярнулася вясной 2014 у Сірыю - ў апошні раз. З-за грамадзянскай вайны, якая працягваецца ў гэтай краіне, далейшыя назіранні там не былі магчымыя, аднак хутчэй за ўсё сірыйская папуляцыя ўжо знікла.


Як насамрэч мала агульнага мае Waldrapp Project з "класічнымі" падыходамі да аховы прыроды, яго праціўнікі паказваюць на прыкладзе двух месцаў гнездавання ібісаў: у Kuchl і каля баварскага гораду Burghausen. У Kuchl'е неглыбокія кліфы, у якіх гняздуюць птушкі, былі створаныя архітэктарам. Яны выглядаюць як ілюстрацыя для мульціка пра сямейку Флінстоунаў і былі прыладжаныя да скалы камандай рабочых. У Burghausen'е, на самым доўгім замку ў Свеце, ібісы гняздуюць у драўляных нішах, прымацаваных да старажытных муроў замка. 

птушкі на гнёздах

Daniela Trobe, палявы менэджэр Waldrapp Project, адказвае за тое, каб 13 дарослых ібісаў, якія жывуць у невялікай калоніі ў Kuchl'і, паспяхова выгадавалі 14 птушанят, якія там падрастаюць сёлета. Звычайна палова птушак з калоніі застаецца на гнёздах з кладкамі ці птушанятамі, тады як другая палова збірае насякомых, дажджавых чарвякоў, грызуноў і іншых дробных памерамі жывёл на навакольных палетках. З дапамогай яе смартфону даведацца дзе цяпер знаходзяцца ібісы займае каля хвіліны - на птушках замацаваныя перадатчыкі, якія перадаюць дакладнае месцазнаходжанне ібісаў. Мясцовы фермер паказвае, як трапіць на яго лугі, на якіх яны харчуюцца. "Мы задаволены, што гэтыя птушкі знаходзяцца навокал" - кажа ён.


Фрыц адкідвае крытычныя заўвагі наконт таго, што грывастыя ібісы насамрэч не жылі ў Еўропе на поўнач ад Альп і кажа, што іх праект дазволіць лепш зразумець біялогію і экалогіі віда і стварыць для ібісаў больш падставаў на выжыванне ў будучыні і па-за Марока.  


Ларс Лахман (Lars Lachmann), галоўны навуковец у NABU - самай вялікай нямецкай прыродаахоўнай арганізацыі, кажа, што лічыць Waldrapp Project балансуючым на мяжы крытэрыяў Міжнароднага звязу аховы прыроды (IUCN) для рэінтрадукцый у прыроду. Аднак дадае: “З-за вялікай рэдкасці і прыцягальнасці віду магчыма падтрымаць гэты праект таксама з погляду перспектыў для аховы прыроды".


Паводле www.e360.yale.edu (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

 

 

На гэтую тэму:

Будучыня грывастых ібісаў робіцца ўсё больш змрочнай

Апошні сірыйскі ібіс

Грывасты ібіс вяртаецца ў Еўропу

Неадназначная рэінтрадукцыя зялёнакрылага ара ў Аргенціне

Першы поспех у рэітрадукцыі дропаў ў Вялікабрытаніі

Еўрапейцы “скінуліся” на праект рэінтрадукцыі дропаў у Вялікабрытаніі

Гавайскія вароны гатовы вярнуцца ў прыроду

Cенсацыя? мякка сказана! – у нядзелю ў Беларусь заляцеў новы від птушак – барадач!