Будучыня грывастых ібісаў робіцца ўсё больш змрочнай

 Выпуск шасці грывастых ібісаў (Geronticus eremita)  ў прыроду – глабальна знікаючага віду птушак – з напалову дзікай калоніі ў Birecik (Турцыя) хутчэй за ўсё скончыўся трагічна як мінімум для трох з іх. 

Гэтыя тры птушкі атрымалі спадарожнікавыя перадатчыкі сёлета на прыканцы ліпеня. Пяць з шасці ібісаў нейкі час трымаліся недалёка ад месца выпуску, а потым у жніўні раптам паляцелі ў паўднёвым кірунку, дзе прыпыніліся амаль на тры тыдні вельмі блізка да былой гнездавой калоніі віду ў мясцовасці Palmyra, дзе  АПОШНІ СІРЫЙСКІ ІБІС правёў сёлета вясну. 

Птушкі паляцелі далей у пачатку верасня, аднак у гэты раз больш на захад у мясцовасць Homs. Пасля гэтага праз некалькі дзён усе тры перадатчыкі перасталі працаваць і больш не выходзілі на сувязь са спадарожнікамі. Горш за ўсё, што прадстаўнікі RSPB не ведаюць дзе дакладна знаходзіліся птушкі, калі перадатчыкі перасталі дасылаць сігналы. Акрамя гэтага, з-за грамадзянскай вайны ў Сірыі немагчыма праверыць магчымыя месцы прыпынку птушак і зразумець, што здарылася з перадатчыкамі і (ці) птушкамі. 

Падобны выпадак з перадатчыкамі адбыўся ў 2008 годзе, калі таксама ўсе тры прылады раптам перасталі працаваць у Іарданіі. Прадстаўнік офісу BirdLife на Сярэднім Усходзе пасля праверкі некалькіх магчымасцяў знайшоў трупы ўсіх трох птушак недалёка адзін ад аднаго пад лініяй электраперадач. 

У наступныя гады ібісам з перадатчыкамі таксама не шанцавала: птушкі, якія зніклі над Саўдаўскай Аравіяй у 2009 і 2010 гг. былі, хутчэй за ўсё, застрэлены. Аднак што сапраўды адбываецца з тымі пазасталымі ў дзікай прыродзе нешматлікімі ібісамі, якія ляцяць праз гэты складаны для іх рэгіён, хутчэй за ўсё застанецца невядомым назаўсёды. 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымак з www.focusingonwildlife.com 

 

На гэтую тэму:

АПОШНІ СІРЫЙСКІ ІБІС

АМЕРЫКАНСКІЯ БЁДУОТЧАРЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ

ГРЫВАСТЫ ІБІС ВЯРТАЕЦЦА Ў ЕЎРОПУ

ТЭМПЫ ЗНІКНЕННЯ ПТУШАК ПАСКАРАЮЦЦА

АПОШНЯЯ НАДЗЕЯ ДЛЯ КУЗІНА ДРОНТА

Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?

КУДЫ ЗНІКЛА ПАЛОВА ЧЫРВОНАВАЛЛЁВЫХ КАЗАРАК?

ЛЕБЕДЗЬ ІМЯ ДЖЭЙМСА БОНДА МАЕ СВОЙ ДЭВАЙС

Comments