Куды знікла палова чырвонаваллёвых казарак?

Дзякуючы вялікаму праекту, які фінансуецца грашыма краін Еўразвязу ў рамах праграмы Life, балгарскія арнітолагі змаглі зрабіць самы маштабны адлоў чырвонаваллёвых казарак (Branta ruficollis). Частка з іх атрымала спадарожнікавыя перадатчыкі, якія могуць дапамагчы знайсці адказ на сапраўдны выклік для даследчыкаў.

За апошняе дзесяцігоддзе больш чым 50 тысяч гэтых невялікіх і прыгожых гусей знікла са сваіх ранейшых месцаў зімоўкі на ўзбярэжжах Чорнага мора ў Балгарыі, Румыніі і Ўкраіне. Міжнародныя ўлікі з таго часу не адзначылі павелічэння гэтых птушак на зімоўцы і засталося пытанне, на якое пакуль няма адказу – куды знікла большая палова сусветнай папуляцыі казарак? Птушкі маглі перамясціцца на невядомыя месцы зімоўкі ў паўднёва-заходняй Азіі, або загінулі ад паляўнічых, неспрыяльных зменаў на месцах міграцыі і гнездавання.

Каманда навукоўцаў з Wildfowl & Wetlands Trust (WWT) і Балгарскага таварыства аховы птушак (Bulgarian Society for the Protection of Birds (BSPB)) змаглі адлавіць 91 чырвонаваллёвую казарку і на 11 з іх павесіць спадарожнікавыя перадатчыкі, якія дазволяць адсочваць індывідуальныя перамяшчэнні птушак пад час іх падарожжа даўжынёй у прыкладна 6 тысяч км на гнездавыя тэрыторыі ў расійскай тундры і наступныя шляхі міграцыі.

Аднак навукоўцы хутчэй песімістычна аценьваюць свае шанцы на пераадкрыццё загінулай папуляцыі. Хаця існуе магчымасць, што ў сувязі са зменай клімату птушкі сталі зімаваць далей на ўсход, аднак надзея на гэта невялікая. Атрыманыя дзякуючы перадатчыкам дадзеныя аб перамяшчэннях птушак маюць таксама дапамагчы ў ахове віда ў Балгарыі.

Паводле www.wwt.org.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:

Качкам Арктыкі кепска ў Заходняй Сібіры

На зімоўку вярнуліся 2 качкі з 23

Сістэма аховы прыроды, заснаваная на грошах ад паляванняў, развальваецца?

Охотники почти истребили в Беларуси серого гуся

Кому гусь не товарищ

Балтыйскія качкі ў глыбокім піке