Без абмежавання паляванняў, выпуск у прыроду дропаў з пітомнікаў ім не дапаможа

Доўгатэрміновае даследаванне паказала, што без новых сур’ёзных абмежаванняў палявання на хубару Макк’уіна, або ўсходняга джэка (Chlamydotis macqueenii), від будзе немагчыма захаваць. Масавы выпуск выведзеных у няволі птушак не толькі контрпрадуктыўны на бліжэйшую перспектыву, але і шкодны для выжывання папуляцый дзікіх птушак у далейшай будучыні.  

З-за таго, што колькасць птушак у прыродзе памяншаецца ў сярэднім на 9% штогод, колькасць дропаў з пітомнікаў, якіх прыйшлося б выпускаць толькі для таго, каб папуляцыя дзікіх птушак не змяншалася, павінна была б быць большай у 1,5 разы за колькасць дзікіх птушак!

Вынікі даследавання, апублікаваныя ў часопісе Biological Conservation, кажуць пра тое, што толькі выпуск выведзеных у няволі дропаў нават для падтрымання актуальнай колькасці дзікіх птушак на тым самым узроўні, фактычна немагчымы. І хаця падобная схема масавай рэінтрадукцыі віда ў прыроду можа яшчэ нейкі час захаваць дропаў ад знікнення, аднак ў будучыні яна ставіць пад сур’ёзную пагрозу стан папуляцыі дзікіх птушак. Таму, акрамя рэінтрадукцыі, жыццёва неабходнаеяк мінімум дадатковае абмежаванне квотаў на паляванне.

Пол Долман (Paul Dolman), прафесар ва ўніверсітэце Усходняй Англіі (University of East Anglia (UEA), сказаў: "Хаця размнажэнне ў няволі можа служыць важнымі дзеяннямі для аховы віда, аднак калі мы маем завышаныя чаканні ад гэтага, без абмежавання маштабаў паляванняў і адлову птушак, яно не толькі не зможа выратаваць дропаў, але і паступова становіцца дадатковай пагрозай для іх. Выпрацоўка сапраўды ўстойлівай мадэлі палявання патрабуе міжнароднай супрацы паміж сакальнікамі і тымі краінамі, дзе дропы жывуць, на аснове сабраных у прыродзе дадзеных.”

Хубара Макк’уіна, або усходні джэк, распаўсюджаная на Сярэднім Усходзе і ў Цэнтральнай Азіі. Від мае вялікую культурную і гістарычную каштоўнасць для арабскіх сакальнікоў. З 1960-х від катастрафічна зменшыў сваю колькасць, і каб мець магчымасць працягваць традыцыйнае сакалінае паляванне на іх, арабскія шэйхі падтрымалі маштабную і дарагую праграму па развядзенні дропаў у няволі і наступнаму выпуску іх у прыроду, увесь час павялічваючы колькасць падобных птушак.

Дзякуючы доўгатэрміновай супрацы паміж Цэнтрам па размнажэнні дзікіх птушак Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (Emirates Bird Breeding Centre for Conservation (EBBCC)), глабальнай асацыяцыі BirdLife International і UEA, атрымалася сабраць дадзеныя па смяротнасці розных груп дропаў на працягу больш сямі гадоў у пустынях Узбекістана, каб на аснове атрыманых дадзеных прапанаваць даўгачасовую стратэгію для захавання віду і працягу традыцыйных сакаліных паляванняў арабскімі шэйхамі.

Асноўнымі групамі для параўнання былі дзікія і выпушчаныя з пітомнікаў птушкі, пазначаныя спадарожнікавымі перадатчыкамі. Акрамя гэтага, атрымалася ацаніць агульную тэндэнцыю і аказалася, што штогод колькасць дропаў у прыродзе змяншаецца ў сярэднім больш, чым на 9%. Гэтак адбываецца з-за таго, што ўзровень рэгулярных паляванняў застаецца на неўстойлівым і высокім узроўні, і, акрамя гэтага, шмат птушак забіваюць і адлаўліваюць на зімоўцы ў Афганістане, Іране і Пакістане.

Маладыя птушкі з пітомнікаў маюць нашмат большы ўзровень смяротнасці ў параўнанні з дзікімі птушкамі той жа ўзроставай групы. Таму, каб стабілізаваць папуляцыю на сённяшнім узроўні на тэрыторыі ў 14300 кв км з сённяшнімі квотамі на паляванне і ўзроўнем смяротнасці выпушчаных птушак, штовясну трэба выпускаць прыкладна 7200 маладых дропаў!

Найджэл Колар (рrof. Nigel Collar), ганаровы прафесар UEA і старшыня Працоўнай групы МСАП па дропах (IUCN Bustard Specialist Group), які дапамагаў у даследаванні, сказаў: "Дропы ў Азіі, без сумневу, у вялікіх клопатах. Сённяшні ўпор на маштабную рэінтрадукцыю птушак з пітмонікаў адцягвае значныя рэсурсы і ўвагу ад асноўных патрэбаў у захаванні віду, такіх як нелегальны адлоў і гандаль дропамі для трэніроўкі сакалоў, заснаваннем бяспечных для птушак шляхоў міграцый і месцаў зімоўкі, значнаму змяншэнню небяспекі ЛЭП. Відавочна, што прыйшоў час на шматузроўневы падыход да захавання віду”.

 

Крыніца:

Burnside, R J, Collar, N J and Dolman, P M. 2018. Captive breeding cannot sustain migratory Asian houbaraChlamydotis macqueenii without hunting controls. Biological conservation (21). DOI: doi.org/10.1016/j.biocon.2018.10.001

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак блізкага віду, джэка (Chlamydotis undulata), яго ж.

 

 

На гэтую тэму:

Першы поспех у рэітрадукцыі дропаў ў Вялікабрытаніі

Еўрапейцы “скінуліся” на праект рэінтрадукцыі дропаў у Вялікабрытаніі

BetPakDala vs Kizylkumy

Тэхналагічны прарыў – знікаючая птушка вылупілася з яйка курыцы

ПАЎДНЁВААФРЫКАНСКІХ ДРОПАЎ ТРЭБА РАТАВАЦЬ