Апошні белы журавель з Заходняй Сібіры прыляцеў у Іран

Апошні белы журавель (Grus leucogeranus) з былой заходняй папуляцыі віду ў чарговы раз прыляцеў на зімоўку ў Паўночны Іран. Аднак калі ён памрэ ад старасці ці нешта з ім здарыцца раней, то гэта будзе сумны канец прадстаўнікоў віду з Заходняй Сібіры.

Самец, які мае мянушку Omid – з пярсідскай “Надзея” – прыляцеў амаль на месяц пазней, чым звычайна, на сваё традыцыйнае месца зімоўкі ў Fereydoon Kenar 21 лістапада. Ён застаецца апошнім жывым прадстаўніком былой заходняй папуляцыі свайго віду, і таксама адзін застаецца на яе былой тэрыторыі гнездавання ў басейне рэк Куноват і Алымка ў Сібіры прыкладна ў 5 тысячах км на поўнач ад Ірана.

Хаця белы журавель мае статус крытычна пагражаемага віду (Critically Endangered), усходняя папуляцыя ацэньваецца ў 2 тысячы пар, гняздуе ў Паўночна-Усходняй Сібіры і ў апошнія гады не змяншаецца. Гэтыя жураўлі зімуюць у ніжняй плыні ракі Янцзы на возеры Poyang у Кітае. Аднак планы пабудаваць на рацэ каскад электрастанцый ставіць пад пагрозу існаванне гэтага месца зімоўкі.

Хутчэй за ўсё з-за нелегальнага палявання і маштабнага знішчэння месцаў гнездавання, заходняя папуляцыя белых жураўлей хутка знікала апошнія дзесяцігоддзі. Невялікая колькасць птушак зімавала ў Індыі ў знакамітым рэзерваце Кеоладэо, аднак з 2002 году там больш не адзначана ніводнага белага жураўля. З таго часу ўсе апошнія прадстаўнікі заходняй папуляцыі сталі зімаваць выключна ў Іране, на рысавых чэках на ўзбярэжжы Каспійскага мора у наваколлі гарадка Fereydoon Kenar. Негледзячы на вялікія высілкі розных арганізацый па ахове прыроды і навукоўцаў, заходняя папуляцыя працягвала хутка знікаць і, у рэшце рэшт, 9 лютага 2009 году пад час шторму на зімоўцы загінула апошняя самка, і тады малады самец Omid застаўся сам.

Развядзенне віду ў адмысловым жураўліным пітомніку ў Окскім запаведніку (Расія) дазваляла з пачатку 1990-х штогод выпускаць маладых птушак у прыроду. У пачатку нашага дзесяцігоддзя адбыўся значны прарыў у навучанні маладых птушак з пітомніка мігрыраваць на поўдзень. У праекце пад назвай “Палёт надзеі” ў 2012 годзе нават паўдзельнічаў у якасці “дарослай птушкі” на мотадэльтаплане сам Уладзімір Пуцін.

Аднак на наступны год, у 2013, фінансаванне праекту раптоўна перарвалася. Адзін з яго ключавых спонсараў, Александр Ермаков, адзін з актыўных чальцоў партыі “Едіная Россія” у Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе, быў абраны ў Савет федэрацыі і перабраўся ў Маскву. Пасля гэтага ён фактычна забыў пра “Палёт надзеі”.  

Такім чынам, спадзяванні на узнаўленне заходняй папуляцыі белага жураўля хутчэй прывідныя і Омід застанецца адзіным яе прадстаўніком да сваёй смерці.

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.birdingiran.blogspot.com

 

На гэтую тэму:

Путин возглавит косяк журавлей-стерхов на Ямале

Колькасць зімуючых у Іране белых жураўлёў зменшылася да адной птушкі

У Новай Зеландыі памерла самая верная олуша на Свеце

Вяртанне грывастага ібіса ў Еўропу праз 400 гадоў адсутнасці - контраверсійны праект працягваецца

Самыя рэдкія гусі Еўропы праляцелі над Беларуссю на зімоўку ў Грэцыю