“Птушкі штодня” – адзначаем першае дзесяцігоддзе!

Трошкі больш за дзесяць год таму ў Гродна сабраліся некалькі чалавек з усёй Беларусі, некаторыя з якіх нават не ведалі адзін аднаго і вырашылі стварыць … сайт пра назіранні птушак. Сайт не толькі жывы, але сёння пад назвай “Птушкі штодня” паспяхова сустракае сваё першае дзесяцігоддзе. На мой погляд, з дня яго стварэння, якім можна лічыць дату з’яўлення першай навіны (5 сакавіка 2009 г.), гэта самы адкрыты для абмена інфармацыяй і каментарамі сайт “Аховы птушак Бацькаўшчыны”.

Калі часам кажуць “не падабаецца – ствары(це) нешта сам(і)” – гэта як раз пра нас. Мы першыя і на роднай мове папулярна пішам і перакладаем пра цікавыя арніталагічныя адкрыцці ў свеце і краіне, важныя навіны ў ахове птушак і іх сістэматыцы, пра першыя назіранні новых відаў для нашай краіны і краін-суседзяў.

Галярэя. Каб не забываць пра прыгажосць, нашы карыстальнікі паказваюць выдатныя здымкі і відэа нашых крылатых суседзяў, зробленыя і пачаткоўцамі, і выдатнымі фота-анімалістамі з Беларусі, Польшчы і Украіны.

вясёлка

Здымак Уладзіміра Бондара

Нашы назіранні. Кожны выхад або выезд у прыроду можа скончыцца цікавым назіраннем або гісторыяй. І нашы аўтары умеюць захапляльна і цікава расказаць пра свае сустрэчы з птушкамі, раслінамі і нават геалагічнымі з’явамі, адзначанымі імі  ў Беларусі і далёка за яе межамі.

https://youtu.be/8xBNnw1toT4

Клуб 200. Створаны для таго, каб пашыраць назіранні цікавых відаў і даць магчымасць большай колькасці назіральнікаў убачыць іх, Клуб аб’ядноўвае самых цікаўных бёдуотчараў нашай краіны. Тысячы назіранняў за апошнія гады структураваныя на старонках Клуба на нашым сайце па віду, году і сезону назіранняў.

Часам не варта пераказваць словамі тое, што можна назіраць 24 гадзіны ў суткі на ўласныя вочы на сваім смартфоне – для гэтага штогод мы ладзім он-лайн трансляцыі з гнязда сокала-пустальгі і разам з гледачамі з усяго Свету разбіраемся што і чаму адбываецца ў няпростым жыцці нашых птушак у рэжыме LIVE. Сёлета адбудзецца ўжо дзесятая трансляцыя з Брэста, на якую мы будзем неўзабаве запрашаць. А з 2017 году кожны можа назіраць за птушынай сталоўкай на ўскрайку Белавежскай пушчы, не выходзячы з цёплай хаты таксама он-лайн, прычым гэтай зімой трансляцыі ідуць адначасова з двух месцаў.

Нашы табліцы па зімуючых птушках даюць магчымасць адсочваць параўнальна хуткія змены ў спісе тых відаў, якія застаюцца цяпер з намі на зімоўку, а вясновыя паказваюць адрозненні ў датах першых рэгістрацый вясновых мігранатаў за апошняе дзесяцігоддзе.

майкі

Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

Зразумела, што нічога гэтага не было б без адданых сайту людзей, склад якіх час ад часу змяняецца, але гэтая адданасць застаецца нязменнай. Мы бязмерна ўдзячны ім! Гэта, найперш, Яўген Сліж, Ягор Мальшэўскі, Аляксандр Мініч, Дзяніс Кіцель, Вадзім Пракапчук, Дзяніс Табуноў, Ірына Самусенка, Аляксандр Вінчэўскі, Глеб Кануннікаў, Юрый Емельянаў, Мікалай Верабей, Аляксандр і Ала Эрдманы, Андрэй Несцераў, Сяргей Зуёнак, Уладзімір Бондар, Светлана Вранава, Павел Лычкоўскі, Ганна Паморска, Аляксандр Сербун, Уладзімір Прыгун, Сяргей Сідарук, Сяргей Саковіч, Андрэй Шэўчык, Юрый Янкевіч, Аляксандр Рак, Уладзімір Пенькевіч, Дзьмітры Гупянец, Уладзімір Пушкін, Таццяна Смыкоўская, Уладзімір Іваноўскі, Светлана Шевелёва, Аляксандр Пекач, Оксана Ралдугіна, Сяргей Казак, Таццяна Каржыцкая, Анджэй Смоліньскі, Таццяна Яварэц, Януш Селіцкі, Ярэк Стэпанюк, Томаш Кулакоўскі, Дамінік Крупіньскі і яшчэ дзесяткі іншых!

назіранне

Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

Мала што магло б быць створана і эфектыўна працавала б без грошай. Таму мы найперш ўдзячныя шведзкім падаткаплацельшчыкам, за грошы якіх з дапамогай Шведзкага арніталагічнага таварыства (SOF) сайт 10 гадоў таму быў створаны і першапачаткова развіваўся - за гэта я на днях падзякаваў асабіста амбасадарцы Швецыі ў Беларусі. Пастаянная падтрымка сайта ад АПБ дазваляе нам развівацца і з большай упэўненасцю глядзець у будучыню -  шчыра дзякуем за яе!

Таму, калі ў Вас ёсць жаданне дзяліцца ці даведацца новае і цікавае пра дзікіх птушак, дзе, як і з кім назіраць іх – гэта да нас. Усё навокал мяняецца, але не змяняецца месца сустрэч з птушкамі і аматарамі іх назіранняз, вывучэння і аховы ў інтэрнеце – www.birdwatch.by !

Са святам, сябры! Цікавых птушак штодня!

 

Абноўлены лагатып стварыў Дзьмітры Гупянец

Comments