Самкі, якім дапамагаюць гадаваць птушанят, жывуць даўжэй

Новае даследаванне сувязі сацыяльнасці птушак з працягласцю іх жыцця паказала, што падобная залежнасць існуе для самак сейшэльскіх чаротавак (Acrocephalus sechellensis) у тых выпадках, калі ім дапамагаюць гнездаваць іншыя птушкі свайго віду.

Нават у адной папуляцыі, якая распаўсюджана ў тых самых або падобных умовах навакольнага асяроддзя, існуе параўнальна вялікая зменлівасць у хуткасці старэння і смяротнасці розных асобін. Таму хаця наваколле адказвае за працягласць жыцця, не меншую “адказнасць” нясе фізіялагічны стрэс, узровень якога ў многім залежыць ад унутрывідавых узаемадзеянняў.

Комплексныя даследаванні сейшэльскіх чаротавак адбываюцца на востраве Cousin у Індыйскім акіяне з 1990-х гадоў. Каб лепш разумець сацыяльнае жыццё і асаблівасці феналогіі і дэмаграфіі чаротавак, усе яны былі пазначаныя каляровымі кольцамі так, каб была магчымасць іх індывідуальнага вызначэння з адлегласці. І хаця востраў невялікі па плошчы – на ім маглі б змясціцца толькі каля 40 футбольных палёў, птушкі не адлятаюць з яго і навукоўцы маглі назіраць за ўсемі перамяшчэннямі чаротавак ад іх нараджэння да смерці. Акрамя гэтага, адсочваўся фізіялагічны стан птушак, узровень рэпрадукцыі і смяротнасць.

Даследчыкі таксама мералі целамеры чаротавак – гэтыя бялковыя структуры ахоўваюць канцы храмасом ад пашкоджанняў і з кожным дзяленнем клеткі яны памяншаюцца. Даўжыня целамер з’яляецца агульнапрынятым маркерам стану арганізма і магчымай працягласці жыцця. Папярэднія даследаванні паказалі, што даўжыня целамер – і працягласць жыцця сейшэльскіх чаротавак – залежаць, напрыклад, ад таго, ці суседзі па гнездавой тэрыторыі ўжо займалі яе раней, ці гэта незнаёмыя птушкі.

Апублікаванае цяпер даследаванне было сфакусаванае на сувязі старэння арганізма дарослых птушак-бацькоў пад час гадавання патомства. З-за таго, што на востраве фізічна не хапае адпаведнага для гнездавання месца ўсім чаротаўкам, некаторыя з іх пачынаюць замест спробаў самастойнага размнажэння дапамагаць іншым парам. Часта гэта ўжо дарослыя птушкі – патомкі дамінантнай пары, якая загнездавала. Гэты працэс называюць “кааператыўным гнездаваннем”.

Атрымалася, што у тых самак, якім дапамагалі іншыя птушкі, укарачванне целамер адбывалася больш павольна ў параўнанні з тымі, якія гадавалі птушанят самастойна. Хутчэй за ўсё гэта звязана са значным змяншэннем стрэса для такіх птушак. Для самцоў чаротавак падобнай залежнасці знайсці не атрымалася – магчыма таму, што ў іх не вельмі складаныя абавязкі пад час гнездавання.

Крыніца:

Martijn Hammers et al. 2019 Breeders that receive help age more slowly in a cooperatively breeding bird. Nature Communications: 10, Article number: 1301

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.jonathanhornbuckle.webs.com  

 

 

На гэтую тэму:

ПТУШКІ ДАПАМАГАЮЦЬ ІНШЫМ ГАДАВАЦЬ ПАТОМСТВА КАЛІ НЕ ХАПАЕ ПАРТНЁРАЎ ДЛЯ ЎЛАСНАЙ СПРОБЫ

Птушкі: дапамагай і тады дапамогуць і табе?

Добрыя суседзі дапамагаюць птушкам жыць даўжэй

ЯК НЯЎДАЧЫ ПЕРАТВАРАЮЦЬ КАМУНАЛЬНА ГНЯЗДУЮЧЫХ ЗЯЗЮЛЯЎ У ГНЕЗДАВЫХ ПАРАЗІТАЎ

ЧЫМ БОЛЬШ БРАТОЎ-СЁСТРАЎ У ГНЯЗДЗЕ, ТЫМ БОЛЬШ КАМУНІКАБЕЛЬНЫМІ ВЫРАСТАЮЦЬ ПТУШАНЯТЫ

“Замяні мяне!” - як птушкі - партнёры ў пары паведамляюць адно аднаму пра гэта