Птушкі: дапамагай і тады дапамогуць і табе?

Да гэтага часу навукоўцы лічылі, што маладыя неполаваспелыя птушкі дапамагаюць бацькам выгадоўваць птушанят (фактычна сваіх малодшых братоў-сёстраў, ці сіблінгаў) таму, што толькі так яны могуць перадаць “свае” камбінацыі генаў, бо яшчэ не могуць размнажацца самастойна. Аднак гэта аказалася праўдай толькі часткова.

Каманда навукоўцаў з універсітэту Лунда (Швецыя) паказала, што такія маладыя дапамошнікі (`helpers`) падобнымі паводзінамі павялічваюць свае шанцы размнажацца ў будучыні.

"Атрыманыя намі вынікі сведчаць пра тое, што дапамога сваёй сям’і важная не толькі для яе старэйшых чальцоў, але і павялічвае шанцы дапамошнікаў увайсці ў склад тых, хто будзе размнажацца самастойна” – сказаў Чарлі Корнуэлліс (Charlie Cornwallis), адзін з сааўтараў артыкула.

Але як навукоўцы справіліся з праверкай сваёй гіпотэзы? Бо дапамога сваёй сям’і і сапраўды дапамагае перадаваць блізкія гены сваіх бацькоў далей і гэта тлумачыць падтрымку падобных альтруістычных паводзін натуральным адборам.  

Даследчыкі выкарысталі адрозненні ў колькасці (прапорцыі) самцоў і самак у 20 відаў, якія дапамагаюць бацькам выгадаваць наступнае пакаленне птушанятаў. Калі б прычына была толькі ў апасрэдаванай перадачы генатыпу дзякуючы дапамозе, то ніякіх адрозненняў у прапорцыі палоў у дапамошнікаў быць не павінна.

Аднак знойдзеныя адрозненні ў прапорцыі дапамошнікаў самак і самцоў сведчылі пра тое, што не ўсё так проста.

Могуць быць розныя прычыны, чаму птушкі, якія дапамагаюць сваім бацькам, такім чынам павялічваюць свае шанцы стаць бацькамі. Адна з іх у тым, што дапамошнікі становяцца чальцамі большай сацыяльнай групы і ў будучыні таксама могуць разлічваць на падобную дапамогу з боку малодшых сіблінгаў. Іншая прычына можа быць у тым, што падобныя паводзіны дапамагаюць заставацца ў сямейнай ці большай групе, тады як без іх птушкі былі б вымушаныя праз бацькоў пакінуць яе. Акрамя гэтага, падобная трэніроўка дагляду за птушанятамі (без поўнай адказнасці за вынікі) таксама карысная і для выгадоўвання ў будучыні сваіх.

"У незалежнасці ад сапраўднай прычыны, падобная дапамога павялічвае ўласны поспех дапамошнікаў, а не толькі поспех іх былой сям’і. І хаця падобная дапамога сапраўды вельмі альтруістычная, уласны інтарэс таксама падтрымлівае такія паводзіны” – сказаў Корнуэлліс.  

У наступных даследаваннях застаецца праверыць гіпотэзу на практыцы на канкрэтных індывідуальна пазначаных птушках.

 

Крыніца:

Philip A. Downing et al. Sex differences in helping effort reveal the effect of future reproduction on cooperative behaviour in birds, Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2018). DOI: 10.1098/rspb.2018.1164

Паводле www,phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з гнязда сойкі Сяргея Чарапіцы

 

На гэтую тэму:

ПЛЮСЫ І МІНУСЫ БОЛЬШ ПОЗНЯГА ВЫЛЕТУ З ГНЯЗДА

Калі птушанятам лепш вылятаць з гнязда?

ПАСЛЯ НЯЎДАЧЫ З ПЕРШЫМ ПАРТНЁРАМ, СІНІЦЫ ШУКАЮЦЬ У ДАДАТАК ДА ЯГО ІНШЫХ

БОЙКІЯ САМЦЫ ПТУШАК ХУТЧЭЙ ЗНАХОДЗЯЦЬ САБЕ ПАРТНЁРАК І ПРАВОДЗЯЦЬ З ІМІ БОЛЬШ ЧАСУ