Зязюлі зрабілі сваю справу - зязюлі адлятаюць на зімоўку

Звычайныя зязюлі (Cuculus canorus) – самыя знакамітыя аблігатныя гнездавыя паразіты як мінімум у Еўропе. Насуперак пашыранаму ўяўленню, яны шмат робяць для свайго будучага патомства, але пасля таго, як апошняе яйка падкінута ў гняздо прыёмных бацькоў, іх місія размнажэння скончаная і дарослыя птушкі могуць ляцець на зімоўку. Апошнія гады British Trust for Ornithology (BTO) штогод размяшчае спадарожнікавыя перадатчыкі на зязюлях у розных еўрапейскіх краінах, і з чатырох новых зязюляў, якія нядаўна атрымалі гэтыя прылады ў Вялікабрытаніі, усе ўжо пераляцелі Ла Манш і знаходзяцца ў Францыі ці Гішпаніі.

мапа

Аднак гэта толькі пачатак іх міграцыі на месцы зімоўкі – брытанскія птушкі зімуюць у экватарыяльнай Афрыцы і каб дабрацца да басейну ракі Конга дзе і застануцца да наступнай вясны, павінны праляцець каля 8 тысяч км праз Еўропу, Міжземнамор’е, Паўночную Афрыку і Сахару.  

Дзякуючы інфармацыі з перадатчыкаў пад час вывучэння шляхоў міграцыі і месцаў зімоўкі брытанскіх зязюляў за мінулыя 8 гадоў атрымалася выявіць розную смяротнасць птушак на розных шляхах пралёту віду.

Апошнія 4 зязюлі далучыліся да 8 іншых птушак, якія атрымалі перадатчыкі ў мінулыя гады і яшчэ перадаюць сігналы аб сваім месцазнаходжанні.

Д-р Крыс Х’юсан (Dr Chris Hewson), навуковы кіраўнік праекту ВТО, сказаў: "Перш, чым гэты праект пачаўся, мы не мелі ўяўлення дзе зімуюць нашы зязюлі і як і якім шляхам яны ляцяць. Цяпер мы не толькі маем гэтую важную інфармацыю, але і таксама ведаем як розныя ўмовы асяроддзя ўздзейнічаюць на розны ўзровень смяротнасці зязюляў. Новыя птушкі з перадатчыкамі дапамогуць нам атрымаць яшчэ больш дадзеных для аналіза і дапамогуць выпрацаваць эфектыўную стратэгію па захаванні віду ў Вялікабрытаніі”.

Сачыць за перамяшчэннямі брытанскіх зязюляў можна ТУТ.

 

Паводле www.bto.org (тэкст і мапа) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак зязюлі – Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Птушка 2014 году – звычайная зязюля і гнездавы паразітызм + VIDEO

Спадарожнікавае сачэнне за брытанскімі зязюлямі: змяншэнне іх колькасці звязана з рознымі пралётнымі шляхамі

Зязюля інкубуе свае яйкі ўнутры цела

Зязюлі мімікруюць пад шулякоў

Зязюлі запалохваюць птушак, якім падкінулі свае яйкі

Вясна будзе! – першая зязюля з перадатчыкам актыўна ляціць у Афрыцы на поўнач

Кукаванне зязюлі ўсё радзей можна пачуць у Вялікабрытаніі