Стэпавыя луні з перапынкам у год ізноў гнездавалі ў Заходняй Еўропе!

У 2017 годзе адбыўся першы выпадак гнездавання стэпавых луней (Circus macrourus) у Заходняй Еўропе – з узятага пад ахову гнязда на поле азімых зерневых у Нідэрландах паспяхова выляцелі 4 маладых. У мінулым годзе самка з той жа пары спрабавала загнездаваць з самцом поплаўнага луня (C. pygargus), але з гэтага нічога не атрымалася. І вось новая сенсацыя: па адной пары гэтых рэдкіх птушак сёлета паспяхова адгнездавалі ў Нідэрландах і ўпершыню – у Гішпаніі!

У сярэдзіне красавіка фермер і валанцёр прыродаахоўнай арганізацыі Werkgroep Grauwe Kiekendief ((WGK) з правінцыі Гронінген адзначыў на сваім поле тэрытарыяльную пару стэпавых лунёў. Так атрымалася, што гэта былі палеткі таго ж чалавека, дзе луні гнездавалі ў 2017-м і спрабавала гнездаваць самка ў 2018-м! З гэтага моманту валанцёры і супрацоўнікі арганізацыі WGK пачалі назіраць за развіццём падзей з бяспечнай для птушак адлегласці. На прыканцы красавіка самка пачала адкладваць яйкі і 27 мая вылупілася першае з 6 птушанят, бо менавіта ў гэты дзень самка пачала прыносіць здабычу на гняздо каб карміць іх.

Дзякуючы вялікаму досведу актыўнай аховы поплаўных лунёў, гняздуючых на сельскагаспадарчых палетках у Нідэрландах, а таксама паспяховай ахове вывадка стэпавых лунёў у 2017 годзе, было прынята рашэнне дапамагчы птушкам. І ў пачатку чэрвеня гняздо з птушанятамі было агароджана металічнай сеткай ад патэнцыйных наземных драпежнікаў. Бацькі працягвалі карміць сваё патомства і ўсе шэсць птушанят былі акальцаваныя і паспяхова выляцелі з гнязда ў пачатку ліпеня, напярэдадні ўборкі зерневых.

птушкі

Не менш сенсацыйным атрымаўся гэты сезон гнездавання для віду і ў Гішпаніі. Вядомая даследчыца лунёў Беатрыз Аройа (Beatriz Arroyo) і яе муж Франсуа Мажо (François Mougeot) (яны працуюць для Гішпанскай нацыянальнай даследчай рады Spanish National Research Council | CSIC і· Instituto de Investigación en Recursos Cinegéticos (IREC)) 2 чэрвеня знайшлі першае для гэтай краіны гняздо стэпавых лунёў!

Аднак найбольш здзіўляючым і прыемным было тое, што самка трэцяга каляндарнага году жыцця з гэтай "гішпанскай"  пары ў 2017 годзе выляцела з першага гнязда ў Нідэрландах, дзе і атрымала чорнае пластыкавае кальцо з белым кодам C|3! У выніку, у гэтай пары выляцеў толькі адзін малады.

Варта нагадаць, што ў 2017 годзе ўпершыню як мінімум за мінулыя 101 год стэпавыя луні гнездавалі і ў Беларусі. З гнязда ў азімым рапсе паспяхова выляцела толькі адно птушанё. Бліжэйшыя вядомыя месцы гнездавання віду знаходзяцца ў Падмаскоўі (Расія) і ў Фінляндыі, а асноўны гнездавы арэал віду знаходзіцца ў стэпавой зоне Расіі, Казахстана і Манголіі. Дзякуючы спадарожнікавым перадатчыкам, змешчаным на птушках з Фінляндыі, вядома, што стэпавыя луні ляцяць на зімоўку ў Заходнюю Афрыку праз Зяходнюю Еўропу і Гібралтар, і некаторыя з іх ляцяць пад час сезонных міграцый і праз Беларусь. Цікава, што сёлета самец стэпавага луня быў адзначаны на поўначы Беларусі ажно 12 ліпеня. Гэта магло б сведчыць як пра магчымае гнездаванне тут, так і пра пралёт негняздуючай (у нас) птушкі.

Паводле www.grauwekiekendief.nl  (тэкст і здымкі ) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

НЕВЕРАГОДНА: СТЕПАВЫ ЛУНЬ УПЕРШЫНЮ ПАСПЯХОВА АДГНЕЗДАВАЎ У ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЕ І, ПАДОБНА, Ў БЕЛАРУСІ!

На Магілёўшчыне адзначаны на гнездаванні стэпавы лунь – від, які апошні раз гнездаваў у Беларусі 101 год таму!

Пра беларускую арніталагічную сенсацыю – у нямецкім часопісе