Разам з гусямі-гуменніцамі на Гарадзеншчыну прыляцела вясна

"Не было зімы і наўрацці ўжо будзе" - гэтак можна інтэрпрэтаваць пачатак вясновай міграцыі птушак, які пачаўся на Гарадзеншчыне. Да шэрых жураўлёў (Grus grus), якія прыляцелі ў апошні дзень студзеня і займаюць гнездавыя тэрыторыі ў заказніку "Гродзенская Свіслач", сёння далучыўся яшчэ адзін від - т.зв.бліжні мігрант - гусь-гуменніца (Anser fabalis). 

птушкі

Шэрыя гусі і гусі-гуменніцы (на пярэднім плане).

Блізкадыстанцыйныя, або бліжнія мігранты, гэта тыя віды птушак, якія зімуюць пераважна ў тым самым кліматычным поясе ў Заходняй, Цэнтральнай і нават Усходняй Еўропе, у якім і гняздуюць і таму ў мяккія зімы могуць не толькі заставацца на частку зімы або ўсю зімоўку ў нас, але і пачынаюць восеньскую і вясновую міграцыю ў залежнасці ад пагоды. І хаця і шэрыя жураўлі, і гусі-гуменніцы ў невялікай колькасці былі адзначаныя гэтай зімой на захадзе Берасцейшчыны, на Гарадзеншчыне мы іх не бачылі, таму можам упэўнена сказаць - яны вярнуліся. Такім чынам, у параўнанні з мінулымі гадамі вясновая міграцыя пачалася сёлета на два-тры тыдні раней.

птушкі

Некалькі гусей-гуменніц далучыліся сёння пад час нашых назіранняў на балоце Грайна да невялікай групкі тых, што там ужо адпачывалі і разам з шэрымі гусямі (A. anser), харчаваліся сухой травой.

https://youtu.be/VagJa07LV_s

З сярэдзіны студзеня, калі мы адзначылі на балоце 15 шэрых гусей, іх колькасць з канца месяца пастаянна павялічваецца і сёння там адпачывалі і харчаваліся не менш сотні птушак:

птушкі

У адрозненне ад блізкадыстанцыйных мігрантаў, далёкадыстанцыйныя, якіх таксама называюць пералётнымі птушкамі, адлятаюць аднас у іншыя кліматычныя паясы ў Афрыку (і нешматлікія віды) нават у Азію. Пачатак іх мігарцыі звычайна залежыць ад даўжыні светлай часткі сутак, хаця ў апошнія гады таксама паступова ссоўваецца на больш раннія даты. Але на іх прылёт нам прыйдзецца пачакаць яшчэ прыкладна з месяц-паўтара.

https://youtu.be/JKK3GKfkzvE

птушкі

Бвлота Грайна ў заказніку "Гродзенская Свіслач",Бераставіцкі раён Гарадзеншчыны

птушкі

птушкі

птушкі

З-за бяснежнай зімы пойма Свіслачы застаецца амаль без разліваў і пад час піка міграцыі гусей, качак і кулікоў будзе выглядаць яшчэ больш сухой і менш прывабнай для іх адпачынку. Таму балота Грайна, падтопленае бабрамі, можа аказаццца адным з самых важных месцаў у гэтай частцы Гарадзеншчыны для прыпынку вадаплаўных і каляводных птушак гэтай вясной. Як гэта будзе насамрэч мы даведаемся ўжо ў бліжэйшыя тыдні.

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі,

здымкі аўтара

Comments