У апошнія гады ўсё цяжэй дакладна вызначыць той дзень, калі ў нашай прыродзе пачынаецца вясна. Штогод усё больш відаў, якія раней адляталі ад нас на зіму хаця б у Заходнюю Еўропу, “застаўляюць” сваіх прадстаўнікоў зімаваць у Беларусі. І колькасць гэтых “прадстаўнікоў” таксама паволі павялічваецца з году ў год. Таму дакладна сказаць, што нейкі від птушак “вярнуўся” да нас можна толькі тады, калі дакладна ўпэўнены, што ён тут не зімаваў.
Так здарылася сёння на балоце Грайна, якое з’яўляецца адной з самых каштоўных частак ТВП і заказніка “Гродзенская Свіслач”. З-за незвычайна лагоднай зімы амаль без маразоў і снега, на ім зімавалі 15 шэрых гусей.
Аднак сёння, пад час паляванняў на балоце арлана-белахвоста, разам з хмарамі качак-крыжанак, узляталі ўжо прыкладна ў чатыры разы больш гусей.
Час ад часу пераляталі на розныя часткі балота лебедзі-клікуны, якіх тут засталося больш за 200 птушак.
Але самым прыемным момантам быў прылёт на балота пары шэрых жураўлёў, на гучныя крыкі якіх з іншай часткі балота, з зямлі, пачала таксама крыкамі адказваць іншая пара.
А пазней мы пачулі і трэцюю пару, якая крычала бліжэй да спрамленай часткі Свіслачы!
Дзякуючы рэгулярным паездкам на балота Грайна і пойму Свіслачы, мы дакладна ведаем, што шэрыя жураўлі сёлета не зімавалі ў заказніку, таму сённяшнюю рэгістрацыю тут ажно трох пар можна лічыць прылётам гэтых птушак на месцы гнездавання.
На Берасцейшыне сёлета ў невялікай колькасці зазімавалі не толькі шэрыя гусі і жураўлі, але таксама адзначаны і кнігаўкі. Таму там вызначыць даты пачатку пралёта гэтых відаў будзе нашмат складаней.
І хаця ва Усходняй Польшчы, параўнальна недалёка ад нашай мяжы, на вясновы пралёт ужо чакаюць тысячы гусей розных відаў, шэрыя жураўлі і нават некаторыя віды кулікоў і качак, калі ён дакладна пачнецца праз нашу краіну, сказаць цяжка. Але хутчэй за ўсё сапраўдная вясна яўна не за гарамі!
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі і відэа – аўтара
На гэтую тэму:
ЯКІЯ ЖУРАЎЛІ ЗІМУЮЦЬ У ПОЛЬШЧЫ?
ВЯСНА: У БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАНЫ ПЕРШЫЯ ПАЛЯВЫЯ ЖАЎРУКІ
ПРЫЙШЛА ЗІМА – ПАЧАЛІСЯ ЗІМОВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК
ПАЛОВА ЎСІХ ШЭРЫХ ЖУРАЎЛЁЎ ЕЎРОПЫ ЗНАХОДЗЯЦЦА ЗАРАЗ У ФРАНЦЫІ
Шведы сустракаюць тысячы жураўлёў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ