Старэйшыя самцы спяваюць горш, але толькі для іншых самцоў-супернікаў?

Напэўна, нямногія сапраўдныя спевакі спяваюць аднолькава ў маладосці і старасці. Аказалася, што невялікія вераб’іныя птушкі зонатрыхіі не выключэнне. Даследчыкі з універсітэту Duke (ЗША) паказалі, што старэйшыя самцы зонатрыхій не толькі спяваюць інакш за маладых, але і не выкліваюць такой цікавасці да сябе з боку іншых самцоў-супернікаў.

Папярэдняя работа той самай каманды навукоўцаў паказала, што самцы балотнай зонатрыхіі (Zonotrichia georgiana) дэманструюць пік сваіх вакальных здольнасцяў ва ўзросце двух гадоў, а пазней спяваюць менш часта і не так працягла як раней.

Каб праверыць ці іншыя самцы заўважаюць і рэагуюць неяк на падобныя змены, даследчыкі ставілі невялікую гукавую калонку на тэрыторыі 35 розных самцоў зонатрыхій на балотах Пенсільваніі і пускалі на працягу 5 хвілін спачатку запіс песні двухгадовага самца, а потым – дзесяцігадовага.

Пад час прайгравання запісаў назіралі за паводзінамі тэрытарыяльных самцоў, між іншым за тым, на якую адлегласць яны падлятаюць да калонкі. Атрымалася, што ў сярэднім такія самцы падбіраліся на 2 метры бліжэй калі “спяваў малады самец”, чым калі прайгравалі песню 10-цігадовага суперніка. Таму навукоўцы прыйшлі да высновы, што самцы больш агрэсіўныя ў адносінах да маладых, чым старых самцоў.

“Іншыя самцы ў любым выпадку прадстаўляюць пагрозу для гаспадара тэрыторыі – калі не адказваць на спробы чужака прыцягнуць увагу самкі, яна можа застацца з ім” – сказаў Matthew Zipple, аспірант ва ўніверсітэце Duke і першы сааўтар публікацыі па выніках даследавання. Аднак чаму тэрытарыяльныя самцы лічаць старэйшых самцоў меншай пагрозай у параўнанні з маладымі, не зразумела.

Хутчэй за ўсё змены песні з узростам самца ў горшы бок адлюстроўваюць яго фізічны патэнцыял як магчымага партнёра. І калі песня дэманструе гэта іншым самцам, то самкі таксама гэта разумеюць і такі самец для іх менш прывабны?

Аднак як такія змены ў песні самца ўспрымаюцца самкамі, насамрэч яшчэ невядома.

Як і прадстаўнікі іншых відаў з палавым размнажэннем, з узростам у сперме самцоў могуць назапашвацца некарысныя для патомкаў мутацыі. Аднак з іншага боку той факт, что самец змог дажыць да падобнага параўнальна вялікага ўзросту сведчыць пра тое, што ён шмат чаго ў жыцці зрабіў правільна і яго генатып яўна не найгоршы для наследавання.

Крыніца:

Matthew N Zipple et al, Sounds of senescence: male swamp sparrows respond less aggressively to the songs of older individuals, Behavioral Ecology (2019). DOI: 10.1093/beheco/arz218

 Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак белагаловая зонатрыхіі Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Старыя самкі сініц горшыя?

Самцы вераб’ёў горш даглядаюць птушанят ад няверных самак

Самцы ў рэмезаў лепшыя бацькі, чым самкі?

Даказана: самкі вялікіх сініц маюць лепшую памяць, чым самцы

Разумнейшыя самцы ў калібры дамінуюць над мацнейшымі ці буйнейшымі