Кампанія-забудоўшчык заплаціць 440 тысяч фунтаў, каб перасяліць і захаваць некалькі рэдкіх птушак

Мясцовая Рада зацвердзіла план пабудовы новага мікрараёна ў графстве Дэвон (Вялікабрытанія) пасля таго, як будаўнічая кампанія пагадзілася заплаціць амаль £440.000 за стварэнне альтэрнатыўных гнездавых тэрыторый для гародных стрынатак (Emberiza cirlus) і наступны даўгагадовы іх маніторынг, а таксама ўнесла значныя змены ў праект.

Усяго на месцы дзвюх былых фермаў у мясцовасці Torbay будзе пабудавана 187 жылых дамоў.

Кампанія-забудоўшчык Barratt Homes абавязалася заплаціць агулам £437.500 за тое, каб для 5 пар гародных стрынатак, якія зараз жывуць на запланаванай пад будаўніцтва тэрыторыі, былі створаны не горшыя месцапражыванні і птушкі “перабраліся” туды. Гародныя стрынаткі некалі былі звычайным відам на ўсім поўдні Англіі, аднак у апошнія гады засталіся амаль выключна на поўдні аднаго графства Дэвон.

Акрамя таго, што паблізу месца забудовы для кожнай з пар павінна быць створана аналагічнае месцапражыванне памерам прыкладна 2,5 га для кожнай, кампанія таксама аплаціць маніторынг гэтай тэрыторыі на працягу наступных 25 гадоў.

У лістападзе мінулага году мясцовая Рада адклала рашэнне па праекту забудовы да часу калі будзе прадстаўлена поўная ацэнка яго ўздзеяння на мясцовую прыроду. Пасля гэтага забудоўшчык зменшыў заплаваную раней да пабудовы колькасць дамоў у два разы, што таксама дазволіць жыць у буфернай зоне паміж дамамі і адкрытымі палеткамі кажанам.

Пасля гэтага Рада была праінфармаваная таварыствам Natural England, што яны не маюць больш заўваг да рэалізацыі праекта забудовы.

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.devonbirds.org

 

 

На гэтую тэму:

Рэдкім птушкам у Брытаніі лепш, чым звычайным?

ПАСЛЯ РЭКАНСТРУКЦЫІ ПАРКАЎ ДАМОВЫХ ВЕРАБ’ЁЎ СТАНОВІЦЦА МЕНШ

Наш шум сур’ёзна перашкаджае птушкам чуць адна адну

У значна мадэрнізаваных вёсках знаходзіць месцы для гнездавання на палову менш птушак