Па выніках больш, чым двухгадовых даследаванняў з дапамогай мініятурных геалакатараў аказалася, што вяртлявыя чаротаўкі (Acrocephalus paludicola) з Літвы і Беларусі зімуюць нашмат далей, чым лічылася дагэтуль. Так, яны адпачываюць пад час пралёту ў раней вядомым як месцы зімоўкі Сенегале, аднак ляцяць яшчэ далей і прыпыняюцца на ўсю зіму ў Малі. Такім чынам, палёт толькі у адзін бок займае ў іх 7-8 тысяч кіламетраў!
Dr. Martin Flade, старшыня Міжнароднай каманды па захаванні вяртлявай чаротаўкі (International Aquatic Warbler Conservation Team), які кіраваў гэтым даследаваннем, сказаў: “Вынікі атрымаліся вельмі цікавыя. Да гэтага часу мы не мелі такога аб’ёму і якасці дадзеных. Я вельмі спадзяюся на тое, што яны паслужаць захаванню віда на нашай планеце.”
Žymantas Morkvėnas, дырэктар Baltic Environmental Forum Lithuania (Літва), які таксама прымаў удзел у даследаваннях, сказаў: “Цяпер мы можам сцвярджаць, што большасць вяртлявых чаротавак з Літвы і поўначы Беларусі зімуюць у дэльце ракі Нігер. Гэта вялікі комплекс азёр пасярод зоны Сахель у цэнтральнай частцы Малі, а таксама вакол гэтых месцаў. Паводле папярэдніх даследаванняў, вяртлявыя чаротаўкі з Заходняй Беларусі і Цэнтральнай Украіны таксама зімуюць у Малі. Такім чынам, гэтая краіна хутчэй за ўсё з’яўляецца самым важным месцам для зімоўкі віда. Палітычная сытуацыя ў Малі застаецца нестабільнай і мы спадзяемся, што з-за гэтага нікому не прыйдзе ў галаву займацца асушэннем гэтых водна-балотных угоддзяў каб хутка атрымаць з гэтага прыбытак. Таму мы можам разлічваць, што як мінімум у нейкай бліжэйшай будучыні чаротаўкі будуць там бяспечнымі”.
Шукаюць новыя месцы для гнездавання па ўсёй Еўропе?
Прааналізаваўшы атрыманыя дадзеныя і параўнаўшы іх з ранейшымі публікацыямі на тэму міграцыі чаротавак, навукоўцы лічаць, што хутчэй за ўсё птушкі так шырока ляцяць праз Еўропу і ўвосень, і вясной таксама таму, што шукаюць падыходзячыя для гнездавання месцы – адкрытыя асаковыя балоты.
“Чаротаўкі з Літвы ляцяць у Беларусь, з Беларусі – у Літву, вясной беларускія птушкі пралятаюць амаль над усёй краінай і правяраюць некалькі розных месцаў. Аднак часта прылятаюць туды, дзе гнездавалі ў мінулым годзе, хаця частка птушак можа заставацца для размнажэння ў інншых месцах. У 2019 годзе адна з чаротавак была адлоўлена на Бебжы ў Польшчы, а год раней яна гнездавала ў Літве, у біясферным рэзерваце Žuvintas. Канешне, частка чаротавак, пазначаных намі геалакатарамі, хутчэй за ўсё загінула і з-за гэтага мы не змаглі іх адлавіць каб спампаваць дадзеныя з прыладаў. Аднак птушкі таксама маглі прыляцець туды, дзе іх ніхто не шукаў або ўвогуле не назіраюць за імі. Падобныя перамяшчэнні з аднаго месца на іншае і магчымае гнездаванне ў іх выдатна адпавядаюць атрыманым дагэтуль генетычным дадзеным. А яны паказалі, што няма генетычнай ізаляцыі паміж папуляцыямі віда і генетычная разнастайнасць вельмі высокая” – сказаў Gintaras Riauba, арнітолаг з Baltic Environmental Forum Lithuania.
Адпаведна з гэтым поглядам, падобныя вялікія па адлегласцях вандроўкі з наведваннем розных патэнцыйна магчымых месцаў гнездавання пацверджваюць асноўнае прадпалажэнне, што галоўная праблема, з-за якой від знікае і ў Літве, і глабальна – недахоп месцаў гнездавання. “Фактычна чаротаўкі параўнальна хутка ляцяць увосень праз большую частку Еўропы, прыпыняючыся на больш-менш доўгі адпачынак толькі ў Францыі і Гішпаніі. Гэта дэманструе або адсутнасць добрых месцаў адпачынку ў Цэнтральнай Еўропе, або птушкі не патрабуюць частых прыпынкаў на адпачынак і могуць ляцець менавіта такім чынам як найбольш аптымальным” – тлумачыць Riauba.
птушкі, якія здзівілі
З-за таго, што вяртлявыя чаротаўкі - параўнальна невялікія птушкі, пакуль не існуе настолькі малых перадатчыкаў GPS, якія дасылалі б дадзеныя ад месцазнаходжанні птушак у рэальным часе і не перашкаджалі б ім пад час пералётаў. Таму, каб атрымаць каардынаты пад час перамяшчэнняў чаротавак, ім у выглядзе заплечнікаў павесілі геалакатары. Гэтыя невялічкія прылады вагой 0,4 г і памерам з 1 эўрацэнт запісваюць толькі дату і працягласць светлавой часткі сутак. Разам з цясьмой, якой яны замацоўваюцца на птушцы, іх вага складае толькі 2% ад вагі цела чаротаўкі і гэта дазваляе лічыць іх выкарыстанне бяспечным для птушак. Аднак каб атрымаць запісаные геалакатарамі дадзеныя, птушак з імі трэба паўторна адлавіць і спецыяльная праграма разлічвае на аснове даты і працягласці дня і ночы магчымыя каардынаты месцаў, дзе птушкі былі пасля вылету з рук кальцавальніка і да моманту пераадлову.
Такім чынам, у 2018-м годзе атрымалася размясціць геалакатары агулам на 60 чаротаўках, адлоўленых у трох месцах: на польдэры Alka і ў ландшафтным рэзерваце Kliošiai (Літва), а таксама ў заказніку на аднайменным нізінным балоце Сервеч на поўначы Беларусі. На наступны год атрымалася пераадлавіць 18 з гэтых птушак, што параўнальна шмат (30%). Штогадовая сярэдняя смяротнасць толькі на зімоўцы птушак падобных памераў складае каля 40%, таму такая доля пераадловаў – вялікая ўдача. У папярэднім даследаванні, з 46 пазначаных геалакатарамі чаротавак з Беларусі і Украіны, атрымалася пераадлавіць 8 птушак (18%).
Dr. Martin Flade больш падрабязна распавёў пра дзве незвычайныя вандроўкі чаротавак з Літвы. У жніўні, адна з чаротавак з польдэра Alka (раён Šilutė) адразу паляцела на нізіннае балота Сервеч (што знаходзіцца ў 400 км прыкладна на поўдзень), заставалася там 10 дзён, пасля гэтага вярнулася на месца адлову ў Літву і, як іншыя птушкі, паляцела на месца зімоўкі ў Афрыку.
Другая літоўская чаротаўка каля узбярэжжа Афрыкі выбрала зусім іншы шлях, чым пазасталыя беларускія і літоўскія птушкі і праз горы Атлас паляцела на ўсход! Птушка рабіла прыпынкі ў пустыні Сахара і зазімавала на поўначы Нігерыі – гэта прыкладна ў 1000 км на ўсход ад іншых чаротавак з геалакатарамі. Цікава, што птушка і вярнулася ў Літву падобным шляхам: толькі праляцела Сахару без прыпынкаў, потым адпачнула ў Алжыры, недалёка ад узбярэжжа Міжземнага мора, і вярнулася ў Літву.
Паводле www.meldine.lt (тэкст, мапы) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі Сяргея Зуёнка
На гэтую тэму:
Самы смелы праект па выратаванні вяртлявай чаротаўкі паспяхова працягваецца
Першае параўнанне дадзеных, атрыманых з дапамогай геалакатара і перадатчыка GPS ад той самай птушкі
Ці могуць геалакатары перашкаджаць птушкам пад час міграцыі?
Упершыню даказана, што геалакатары не павялічваюць смяротнасць дробных вераб’іных
НЕЗВЫЧАЙНАЕ ВЫКАРЫСТАННЕ ГЕАЛАКАТАРАЎ ДАЛО ЦІКАВЫЯ ДАДЗЕНЫЯ ПРА ЖЫЦЦЁ ВЯЛІКІХ ГРЫЦУКОЎ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ