Першая зязюля ўжо вяртаецца і на шляху ў Еўропу

Адзін з трох самцоў звычайнай зязюлі (Cuculus canorus), пазначаных спадарожнікавымі перадатчыкамі супрацоўнікамі Брытанскага траста для арніталогіі (BTO), актыўна ляціць з месцаў зімоўкі ў паўднёвай частцы Афрыкі на поўнач, у Еўропу.

Самец зязюлі, які атрымаў мянушку PJ, на сёння з’яўляецца самым знакамітым з усіх пазначаных перадатчыкамі зязюляў, таму што перадае інфармацыю пра свае перамяшчэнні даўжэй за ўсіх. Ён быў адлоўлены арнітолагамі як ужо дарослая птушка ў чэрвені 2016 году ў графстве Suffolk. Пасля гэтага ён вяртаецца размнажацца ва Усходнюю Англію кожную вясну.

Пасля таго, як палову зімы ён правёў у Анголе, PJ пачаў павольна перасоўвацца на поўнач ў канцы студзеня – спачатку пераляцеў у Конга, а потым у Габон. З таго, што вядома па перамяшчэннях гэтага самца зязюлі за мінулыя гады, ён звычайна пачынае палёт у кірунку Еўропы прыкладна ў той самы час штозіму, і гэта другая палова студзеня.

За першыя два тыдні лютага PJ праляцеў яшчэ каля 900 км на поўнач, з Габона ў Камерун. У лютым 2020 году таксама тут, у саванне даліны ракі Meng, ён правёў наступныя тры тыдні. Пасля гэтага ён паляцеў у заходнім кірунку, дзе пасля Тога ён прыляцеў у Кот Д’івуар. Там ён назапашваў энергетычныя рэзервы перад пералётам праз Сахару. Навукоўцы з BTO чакаюць падобнай трасы міграцыі і гэтай вясной.

мапа

Траса міграцыі PJ з лета 2020 да сярэдзіны лютага 2021. З сайта www.bto.org

Цікава, што два іншых, пазначаных перадатчыкамі, самцы зязюлі - Valentine і Carlton II – усё яшчэ без заўважных перамяшчэнняў на поўнач застаюцца адпаведна ў дажджавых лясах Анголы і Габона.

Калі дзякуючы данатам атрымаецца сабраць патрэбную суму грошай,  BTO плануе размясціць перадатчыкі гэтым летам на яшчэ 10 зязюлях у Вялікабрытаніі.

Паводле www.bto.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

На выходных у Беларусь прыляцела вясна!

Спадарожнікавае сачэнне за брытанскімі зязюлямі: змяншэнне іх колькасці звязана з рознымі пралётнымі шляхамі

Вясна будзе! – першая зязюля з перадатчыкам актыўна ляціць у Афрыцы на поўнач

Птушка 2014 году – звычайная зязюля і гнездавы паразітызм + VIDEO

Зязюлі зрабілі сваю справу - зязюлі адлятаюць на зімоўку