Гэтай восенню ў Італіі можна будзе легальна забіць да 7,5 мільёнаў звычайных туркавак

Урад Італіі афіцыйна дазволіў пад час сёлетніх восеньскіх паляванняў, між іншым, здабыць да 7,5 мільёнаў звычайных туркавак (Streptopelia turtur) – птушак, якія вельмі хутка змяншаюць сваю колькасць і ўжо зараз маюць глабальны статус уразлівага віду (Vulnerable).

Восеньскае паляванне на птушак будзе адкрыта на Апенінскім паўвостраве з 1 па 21 верасня і кожны з прыкладна 500 тысяч італьянскіх паляўнічых можа легальна забіць за гэты час да 15 туркавак. Паводле розных ацэнак сучаснай колькасці віда ў Еўропе, такім чынам можна будзе легальна забіць прыкладна палову асобін, якія гняздуюць на нашым кантыненце.

І хаця наўрацці падобная колькасць туркавак будзе забітая ў Італіі за тры тыдні верасня, аднак сам прэцэндзент такога дазволу ўрада адной з краін ЕЗ дае кепскі прыклад іншым і сведчыць пра абыякавасць да дадзеных навукоўцаў аб хуткім змяншэнні колькасці туркавак у Еўропе.

Рашэнне было прынятае пасля сустрэчы прадстаўнікоў урада з прадстаўнікамі рэгіёнаў для выпрацоўкі пагаднення аб ахове віда. І хаця міністэрства экалогіі прапанавала на аснове рэкамендацый Нацыянальнага інстытута аховы наваколля і даследаванняў (ISPRA) абвесціць забарону на паляванне на від на 4 гады, прадстаўнікі рэгіёнаў пры падтрымцы Італьянскай федэрацыі палявання змаглі дамагчыся працягу паляванняў на туркавак.

Axel Hirschfeld, прадстаўнік Камітэту супраць вынішчэння птушак (Committee Against Bird Slaugher (CABS)), сказаў: "Паляванне на звычайных туркавак немагчыма прызнаць устойлівым, яно будзе змяншаць колькасць птушак да таго часу, пакуль будуць існаваць туркаўкі. Італьянскія паляўнічыя не хочуць адмаўляцца ад сваёй улюбёнай здабычы. Федэрацыя палявання Італіі, чалец FACE (Еўрапейскай федэрацыі паляўнічых), моцна лабіруе фактычна вынішчэнне віда”.

У 2015 годзе Міжнародны звяз аховы прыроды IUCN змяніў статус звычайнай туркаўкі на “уразлівы” з-за таго, што колькасць віда хаця і застаецца параўнальна вялікай і ацэньваецца ў дзесяткі мільёнаў асобін, яна зменшылася амаль на 80% з 1980 году. З-за камбінацыі маштабнага палявання і інтэнсіўнай сельскай гаспадаркі ў краінах Заходняй Еўропы адбылося катастрафічнае змяншэнне папуляцый, у Вялікабрытаніі нават на 94% з 1995 году. На жаль, Італія ляжыць на важным шляху міграцыі туркавак на месцы зімоўкі ў Афрыку.

Мінулым летам урад Францыі дазволіў забіць дзесяткі тысяч туркавак пад час восеньскага палявання, аднак пазней адмяніў гэты дазвол пасля шырокамаштабнай кампаніі супраць палявання на туркавак, якая прайшла па ўсёй Еўропе.

Акрамя гэтага, абаронцы прыроды ў 2015 годзе прайгралі рэферэндум па забароне вясновага палявання на перапёлак і звычайных туркавак на Мальце і, негледзячы на недвухсэнсоўную забарону палявання на птушак вясной Дырэктывай па дзікіх птушак Еўразвязу, яно на востраве легальна на гэтыя два віды і працягваецца.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак маладой птушкі Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

British birds: легальнае паляванне на птушак у Еўразвязе і яго ўздзеянне на пагражаемыя віды

Еўрапейскі суд цалкам забараніў выкарыстанне клея для адлову птушак у Францыі!

Вясновае паляванне на птушак застанецца на Мальце легальным?

Нашых (і не толькі) птушак у Францыі чакаюць добрыя змены?

Вясковыя жыхары стварылі ўласны рэзерват, каб захаваць звычайных туркавак

Афрыканскія засухі забіваюць мігрантаў