На захад ад Беларусі перад мадэрнізацыяй будынкаў (рамонтам, уцяпленнем і іншымі дзеяннямі, якія змяняюць доступ птушак да гнездавых ніш) інвестар ці будучы выканаўца прац павінен аплаціць працу арнітолага. Апошні ў гнездавы сезон вызначае віды і колькасць пар, якія выкарыстоўваюць розныя гнездавыя нішы ў будынку. Пасля правядзення рэнавацыі, існуе абавязак размясціць адпаведную колькасць штучных гнёздаў адпаведнага тыпу, каб кампенсаваць птушкам страчаные месцы гнездавання. Аднак наколькі гэтая ‘замена’ дзейнічае?
У гэтым разбіралася каманда даследчыкаў з Польшчы, якія перад правядзеннем цеплаізаляцыі будынкаў на плошчы 10 га вызначыла гняздуючыя ў будынках віды і іх колькасць і пасля заканчэння мадэрнізацыі развесіла ў якасці кампенсацыі 132 гнездавыя скрыні 5 тыпаў.
Усе віды птушак, якія выкарыстоўвалі будынкі для гнездавання да пачатку іх цеплаізаляцыі, у першы год пасля яе правядзення рэзка зменшылі сваю колькасць: дамовы верабей (Passer domesticus) на 66%, каўка (Corvus monedula) на 68%, звычайны шпак (Sturnus vulgaris) на 70%, а чорны свіргуль (Apus apus) перастаў гнездаваць зусім. У першыя два гады пасля правядзення мадэрнізацыі, усе птушкі для гнездавання выкарыстоўвалі толькі гнездавыя скрыні, размешчаныя на будынках. Праз пяць гадоў пасля рэмонту колькасць гняздуючых на будынках відаў птушак аднавіла сваю колькасць у сярэднім толькі на 50% да зыходнага, да правядзення ўцяплення, узроўня!
Каб аптымізаваць выкарыстанне гнездавых скрыняў, неабходна па-максімуму ўлічваць патрабаванні розных відаў птушак да памераў і асаблівасцяў канструкцыі дуплянак, а таксама месцаў іх размяшчэння. Аказалася, што напрыклад дамовыя вераб’і фактычна не патрабуюць гнездавых скрыняў і паступова займаюць іншыя гнездавыя нішы ў будынках.
Аднак віды, якія выкарыстоўваюць для гнездавання паўадкрытыя нішы – дзве пары белых плісак (Motacilla alba) і пара рудахвостак-чарнушак (Phoenicurus ochruros) так і не вярнуліся на адрамантаваныя будынкі і праз 5 гадоў пасля рэнавацыі апошніх.
Крыніца: Dulisz В. et al. 2021 Effectiveness of using nest boxes as a form of bird protection after building modernization, Biodiversity and Conservation // https://link.springer.com/article/10.1007/s10531-021-02334-0
Паводле https://link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самкі дамавога вераб’я ад Мікалая Вераб’я
На гэтую тэму:
У значна мадэрнізаваных вёсках знаходзіць месцы для гнездавання на палову менш птушак
Замураваныя свіргулі – фінал судовага працэсу ў Лодзі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ