Вышыня начных палётаў амерыканскіх чорных свіргулёў вызначаецца святлом ад месяца?

Шведзка-амерыканская каманда навукоўцаў дзякуючы выкарыстанню сучасных геалакатараў змагла назіраць раней невядомыя асаблівасці начных палётаў у амерыканскіх чорных свіргулёў (Cypseloides niger). Аказалася, што гэтыя птушкі пад час поўняў узнімаюцца на параўнальна вялікую вышыню і хутчэй за ўсё там ловяць насякомых.  

У папярэдніх публікацыях асаблівасцяў перамяшчэнняў гэтага віда на працягу гадавога цыкла ўжо дэманстраваліся пералёты свіргулёў з месцаў гнездавання ў Rocky Mountains (штата Каларада, ЗША) на месцы зімоўкі ў Амазонію (Бразілія). Для гэтага выкарыстоўвалі геалакатары, якія акрамя працягласці светлай часткі сутак і даты, таксама запісвалі вышыню палёту птушак.

"Мы знайшлі, што пад час міграцыі і зімоўкі чорныя свіргулі ні разу не сядаюць на адпачынак на працягу 8,5 месяцаў паміж спробамі гнездавання. Гэта значыць, што яны знаходзяцца ў паветры і ўдзень, і ўначы” – сказаў Anders Hedenström, арнітолаг з універсітэту Лунда (Швецыя).

Аднак аналагічныя паводзіны былі ўжо вядомыя раней і для іншых відаў, між іншым для чорных свіргулёў (Apus apus) з Еўразіі. Найбольш даследчыкаў здзівілі перамяшчэнні птушак на розную вышыню ў залежнасці ад асвятлення месяца. Так, удзень свіргулі ляталі звычайна на вышыні да кіламетра, тады як уначы ў поўню падымаліся на вышыню ад 2 да 4 тысяч метраў:

схема

Паводле Hedenström et al2022.

"Падобная дынаміка вышыні палёта ў залежнасці ад фазы месяца стала для нас сапраўдным сюрпрызам” сказаў Hedenström. Выпадкова атрымалася прасачыць вышыню палёту птушак і пад час поўнага зацмення месяца – у гэты час усе свіргулі з геалакатарамі апусціліся на тую ж вышыню, на якой ляталі ўдзень. Такім чынам, навукоўцы лічаць такія значныя змены ў вышыні перамяшчэння птушак звязанымі з начным асвятленнем, якое забяспечае месяц і адпаведным перамяшчэннем на гэтыя вышыні начных насякомых.

Не так даўно сталі вядомыя падобныя значныя змены вышыні палёту ў залежнасці ад змены дня і ночы для некаторых пералётных відаў птушак рознага памеру, але іх сапраўдная прычына яшчэ невядомая, хаця і не звязаная з перамяшчэннямі насякомых.  

Крыніца: Anders Hedenström et al, Moonlight drives nocturnal vertical flight dynamics in black swifts, Current Biology (2022). DOI: 10.1016/j.cub.2022.03.006

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з https://ebird.org

 

 

На гэтую тэму:

Разгадана загадка, якой больш за 150 год

Свіргулі з Кітаю зімуюць ажно ў Паўднёвай Афрыцы

Новыя рэкорды чорных свіргулёў пад час міграцыі

5 тысяч км за 5 сутак – гэта чорны свіргуль!

Даказана: свіргулі могуць праводзіць у паветры па 10 месяцаў без пасадкі

Навукоўцы ўпершыню даказалі тое, пра што даўно здагадваліся – птушкі могуць спаць у палёце!