Самае працяглае даследаванне той самай папуляцыі птушак адзначае 75-годдзе

Гэтай вясной адзначае сапраўдны юбілей самае працяглае навуковае даследаванне папуляцыі індывідуальна пазначаных дзікіх птушак. Дакладна 75 гадоў таму, 27 красавіка 1947 году, у заснаванай у лесе Wytham навукоўцамі з Оксфардзкага ўніверсітэту “прыроднай лабараторыі” вялікія сініцы (Parus major) адклалі сваё першае яйка. Так распачалася глыбокая і бесперапынная сувязь паміж той самай папуляцыяй сініц і пакаленнямі іх даследчыкаў.

Сёлета, праз 75 гадоў, першае яйка ў вялікіх сініц з гэтай папуляцыі было адкладзена 28 сакавіка – на месяц раней, чым у 1947 годзе.

Адначасова з непераўзыйдзеннай працягласцю, даследаванні вялікіх сініц з лесу Wytham адыгралі ключавую ролю ў тым, як навукоўцы адсочвалі змены ў папуляцыі птушак у сувязі са зменамі асяроддзя.

Сэр David Attenborough сказаў: "Я прыемна здзіўлены тым, што доўгатэрміновае вывучэнне вялікіх сініц у лесе Wytham адзначае сваё 75-годдзе. Я быў там некалькі разоў і ведаю, наколькі фундаментальныя аспекты там даследаваліся і працягваюць вывучацца. Адным з іх ёсць змены клімату і разуменне таго, як гэта змяняе прыроду навокал. Падобныя доўгатэрміновыя даследаванні патрабуюць своеасаблівай адданасці і я жадаю даследчыкам і іх працы там працяглай і паспяховай будучыні”.

Lord John Krebs, Emeritus Professor заалогіі з Оксфарду, сказаў: "На прыканцы 1960-х, калі я пачаў пісаць сваю кандыдацкую працу  па вялікіх сініцах у лесе Wytham, ужо тады былі сабраныя значныя доўгатэрміновыя папуляцыйныя дадзеныя, якія я аналізаваў каб зразумець, якія фактары вызначаюць колькасць асобін у папуляцыі.

У тыя часы “доўгатэрміновыя” значыла прыкладна 20-цігадовыя. Цяпер, дзякуючы празарлівасці каманды, якая пачынала там даследаванні і многім пакаленням даследчыкаў, усе мы маем сапраўды ўнікальныя дадзеныя, якія будуць і далей назапашвацца і працягваць даваць магчымасць рабіць інсайты ў экалогію і паводзіны папуляцыі птушак у прыродных умовах”.

Як і многія іншыя аспекты іх біялогіі, час пачатку адладкі яек вялікімі сініцамі знаходзіцца пад уздзеяннем розных па маштабу фактараў, такіх як клімат, сацыяльныя ўзаемасувязі, фізіялагічны стан птушак і паводзіны навакольных  сініц. Усе гэтыя – і многія іншыя – фактары адсочваюцца даследчыкамі і даюць магчымасць да параўнанняў у розныя сезоны з тымі самымі ды іншымі птушкамі.

Сініцы – выдатны аб’ект для экалагічных даследаванняў, таму што яны ахвотна займаюць штучныя дуплянкі, гняздуюць з параўнальна вялікай шчыльнасцю, звычайна рассяляюцца недалёка ад месца дзе нарадзіліся і т.зв. ‘даследчыцкі прэс’ ім асабліва не перашкаджае. Навукоўцы стараюцца індывідуальна пазначыць максімальную колькасць птушанят акрамя калец яшчэ і адмысловымі электроннымі меткамі, якія дазваляюць потым адсочваць лёс птушак на працягу ўсяго іх жыцця.

На сённяшні дзень навукоўцы збіраюць разнастайныя дадзеныя з 1209 сінічнікаў, якія знаходзяцца ў тых самых месцах на працягу дзесяцігоддзяў на захад ад Оксфарда ў лесе Wytham, адначасова з іншай разнастайнай інфармацыяй пра асаблівасці экалогіі і паводзін вялікіх сініц тут. У апошнія дзесяцігоддзі стала магчымым пазначаць птушак індывідуальнымі электроннымі чыпамі, якія дазваляюць даведвацца пра асаблівасці перамяшчэнняў і сацыяльныя адносіны сініц, а таксама праводзіць генетычныя даследаванні, каб лепш зразумець розныя аспекты мікраэвалюцыі.

Прафесар Ben Sheldon, які зараз ачольвае працы ў Wytham, сказаў: "Работа такой працягласці заснаваная на супрацы сотняў чалавек і для мяне працягваць яе - сапраўдная прывілегія.

Гэтая доўгатэрміновая працягласць дае нам магчымасць выкарыстоўвываць дадзеныя, сабраныя за папярэднія дзесяцігоддзі каб лепш зразумець якія змены адбываюцца і, магчыма, чаму. Адна з самых яўных і здзіўляючых з іх заключаецца ў тым, што зараз вялікія сініцы пачынаюць гнездаваць у сярэднім на тры тыдні раней, чым рабілі гэта калі даследаванні пачыналіся. Гэтае значнае ссоўванне пачатку гнездавання – яўны сігнал уздзеяння кліматычных зменаў на жыццё аднаго з самых распаўсюджаных і вядомых нашых відаў птушак. Падобныя даследаванні даюць магчымасць лепш зразумець наступствы розных зменаў - як мінулых, так і будучых”.

На аснове матэрыялаў, атрыманых дзякуючы даследаванням вялікіх сініц у Wytham Woods, было апублікавана больш за 350 навуковых артыкулаў і абаронена больш за 70 кандыдацкіх дысертацый.

Паводле www.birdguides.com  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Сяргея Чарапіцы

 

 

На гэтую тэму:

Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы

Хто каго выбірае ў вялікіх сініц і чаму?

КАНФАРМІЗМ І НОНКАНФАРМІЗМ У ПТУШАК НА ПРЫКЛАДЗЕ ВЯЛІКІХ СІНІЦ

ДАКАЗАНА: САМКІ ВЯЛІКІХ СІНІЦ МАЮЦЬ ЛЕПШУЮ ПАМЯЦЬ, ЧЫМ САМЦЫ

Сініцы хутка вучацца ад іншых сініц што есці не варта

У марозныя ночы самцы сініц не змяншаюць тэмпературу цела – у адрозненне ад самак

Гарадзкія вялікія сініцы аказаліся лепш падрыхтаванымі да спякоты, чым птушкі з лесу