Некаторыя віды вераб’іных птушак могуць загадзя даведвацца ад іншых прадстаўнікоў свайго віду пра хуткі недахоп харчовых рэсурсаў і дзякуючы гэтаму паспяваюць змяняць сваю фізіялогію і паводзіны – гэта знайшлі даследчыкі з Oregon State University College of Science на прыкладзе доследаў з крыжадзюбам-яловікам (Loxia curvirostra).
Пасля атрымання сацыяльнай інфармацыі пра недахоп ежы птушкамі-суседзямі на працягу трох дзён, крыжадзюбы ў даследаванні павялічвалі колькасць з’едзенай ежы, масу (памер) страўнікаў і мускулатуры, адказнай за палёт. Аўтар публікацыі па выніках даследавання, Jamie Cornelius, сказала: “Гэта новая і раней невядомая для нас форма фізіялагічнай пластычнасці ў птушак і наша папярэдняя работа паказвае, што сацыяльная інфармацыя пад час стрэсу можа змяняць тое, як мозг успрымае стрэсавыя фактары. У жывёл існуюць разнастайныя стратэгіі каб прыстасавацца да значных зменаў у навакольным для іх асяроддзі. Яны могуць упадаць у спячку (гібернацыю) або мігрыраваць у іншыя мясціны, рабіць запасы ежы ці павялічваць яе спажыванне і запасаць ‘унутры сябе’.”
У сваім папярэднім даследаванні Cornelius паказала, што крыжадзюбы, якіх трымалі побач з галоднымі суседзямі (ежа для якіх была абмежаваная), пачалі выпрацоўвываць больш, чым звычайна гармону стрэсу кортыкастэрону пад час уласнага наступнага перыяду абмежавання ў ежы.
Крыжадзюб-яловік – намадны від, які здзяйсняе інвазіі на аснове даступнасці іх асноўнай ежы. Рашэнне пра пачатак пералётаў птушкі прымаюць у тым ліку і дзякуючы пазыўкам і паводзінам іншых крыжадзюбаў побач.
"Крыжадзюбы – цікавы для вывучэння аб’ект, таму што яны моцна залежаць ад ‘ураджаю’ насення іглістых дрэваў. А гэты ўраджай цяжка прадказальны і ў тым, дзе ён адбудзецца ў гэтым годзе, і як доўга птушкі змогуць яго выкарыстоўвываць калі знойдуць гэтае месца. На іх прыкладзе мы хочам лепш зразумець стратэгіі, якія птушкі могуць выкарыстоўвываць калі даступная ім ежа рэзка заканчваецца, таму што крыжадзюбы сутыкаюцца з гэтым яўна часцей за іншыя віды” – сказала Cornelius.
У даследаванні выкарыстоўвывалі крыжадзюбаў, якія ўтрымліваліся ў авіярыі ў двух групах. У першай птушкі атрымлівалі сацыяльную інфармацыю на працягу трох сутак ад галодных суседзяў перад тым, як ім самім пачалі абмяжоўвываць ежу, а ў другой групе птушкі пачалі галадаць адначасова з суседзямі. Аказалася, што крыжадзюбы лепш захоўвывалі масу цела ў той групе, у якой яны маглі атрымліваць інфармацыю пра хуткі недахоп ежы ад галодных суседзяў. Сацыяльная інфармацыя – вельмі важная для жывёл у многіх кантэкстах і гэтая публікацыя дэманструе яшчэ адну яго перавагу.
Крыніца: J. M. Cornelius, Advance social information allows red crossbills (Loxia curvirostra) to better conserve body mass and intestinal mass during food stress, Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2022). DOI: 10.1098/rspb.2022.0516
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самца крыжадзюба-яловіка – Мікалая Гулінскага
На гэтую тэму:
Самцы вераб’іных сычыкаў робяць меншыя запасы ежы на зіму, чым самкі і маладыя птушкі
Разумныя сойкі плануюць будучыню
Сойкі могуць хутка мяняць свае паводзіны
Тлустыя птушкі мігрыруюць хутчэй
Гусі ўзімку змяншаюць метабалізм і тэмпературу цела
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ