Гусі ўзімку змяншаюць метабалізм і тэмпературу цела

шэрыя гусі

Новае даследаванне паказала, што гусі ў халоднае надвор’е пад час зімоўкі могуць не толькі запавольваць работу сэрца, але і змяншаць тэмпературу цела, такім чынам эканомячы энергію.

Даследаванні праводзіліся міжнароднай групай навукоўцаў пад кіраўніцтвам д-ра Клаўдзіі Вашэр (Dr Claudia Wascher) з Anglia Ruskin University на даследчай базе імя Конрада Лорэнца, якая належыць Венскаму ўніверсітэту (Аўстрыя). Там на 25 дзікіх шэрых гусей (Anser anser) са зграі прыкладна ў 170 птушак былі прымацаваныя мініатурныя датчыкі-перадатчыкі, якія перадавалі тэмпературу цела і хуткасць сэрцабіення гусей на працягу 18 месяцаў. Апошні паказчык быў абраны як адзін з некалькіх, які адлюстроўвае агульны ўзровень метабалізму птушак.

Птушкі - эндатэрмныя жывёлы, якім патрэбна шмат энергіі каб падтрымліваць параўнальна высокую тэмпературу цела і адпаведна хуткі метабалізм. Таму ў халоднае надвор’е расход энергіі на падтрыманне высокага ўзроўню метабалізму рэзка павялічваецца.

Усе гусі, якія ўдзельнічалі ў даследаванні, паказалі аднолькавыя сезонныя змены: хуткасць серцабіення і тэмпература цела былі максімальнымі летам і змяншаліся зімой. Першы паказчык у сярэднім змяншаўся на 22% у снежні і студзені ў параўнанні з летнімі месяцамі. А тэмпература цела гусей узімку была меншай у сярэднім на 1°С у параўнанні з летняй.

Д-р Вашэр сказала: "Мы цікавіліся тым, як гусі рэгулююць свой узровень метабалізма і, адпаведна, выкарыстанне энергіі на працягу гадавога цыкла. Асабліва нас цікавіла як яны спраўляюцца з гэтым пад час зімы. Некаторыя звяры, якія не ўпадаюць у спячку, такія як благародныя алені ці казярогі вядомыя тым, што змяншаюць узровень метабалізму і тэмпературу цела ўзімку. Наша даследаванне паказала, што шэрыя гусі выкарыстоўваюць падобную стратэгію”.

Крыніца:

Claudia A. F. Wascher et al, Free-living greylag geese adjust their heart rates and body core temperatures to season and reproductive context, Scientific Reports (2018). DOI: 10.1038/s41598-018-20655-z

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак шэрых гусей Сяргея Саковіча

 

 

На гэтую тэму:

Метабалізм птушак і звяроў рэгулюецца па-рознаму

ГУСІНЫ ХЭПІ-ЭНД

Мышцы пералётных птушак – мара для культурыстаў