Нават дарослыя свіргулі на гняздзе ў вельмі халодныя ночы могуць упадаць у анабіёз

Каманда даследчыкаў з нямецкіх універсітэтаў з Siegen і Marburg з дапамогай сучасных тэхналагічных прыладаў знайшла, што нават дарослыя чорныя свіргулі (Apus apus) пад час знаходжання на гняздзе могуць упадаць у анабіёз каб зэканоміць энергію і не загінуць пад час халоднага надвор’я.

Чорныя свіргулі добра вядомыя як самыя хуткія птушкі ў гарызантальным палёце, якія па-за сезонам гнездавання могуць праводзіць нават да 99% часу ў паветры, без выкарыстання прысад. Харчуюцца яны таксама ў палёце дробнай жамярой, а калі з-за працяглай непагоды не могуць харчавацца ў месцы гнездавання, вымушаныя або адляцець на сотні кіламетраў туды, дзе ежа даступная і потым вярнуцца, або значна абмяжоўвываць свае энергетычныя затраты калі вымушаныя заставацца на гняздзе. І ў самыя крытычныя моманты нават дарослыя птушкі могуць упадаць у анабіёз.

Увогуле анабіёз як эфектыўны сродак значнай эканоміі энергіі, калі жывёла часова не мае магчымасці падтрымліваць актыўны лад жыцця, выкарыстоўваюць многія віды з розных таксонаў. Але для птушак ён быў да гэтага часу даказаны толькі для некаторых відаў калібры. Для таго, каб больш даведацца пра гэты стан у свіргулёў, навукоўцы на працягу гнездавых сезонаў ў 2010-15 гг мералі тэмпературу ў 50 гнёздах гэтага віду, а з дапамогай мікракаларыметраў вызначалі метабалічныя затраты птушак. Для гэтага ў халодныя ночы ў гнездавыя сезоны 2017-18 гг мералі патрабленне кісларода і выдыханне вуглекіслага газу індывідуальнымі птушкамі з дапамогай рэспірометраў, і на аснове гэтых дадзеных вылічвалі ўзровень метабалізму і змены ў ім.

Сярод 16 673 назіранняў было знойдзена, што сярэдняя тэмпература дня ў 24,3°C ў сезон гнездавання ўначы на гнёздах падала на 8,6°C. У халодныя ночы птушкі змяншалі метабалічную актыўнасць у сярэднім на 33%. Аднак у самыя халодны час свіргулі ўпадалі ў стан анабіёзу і ў 6 адзначаных падобных выпадках іх метабалізм паступова змяншаўся ў сярэднім ажно на 56% у параўнанні з днём.

Цікава, што пасля вылуплення птушанят уся сям’я магла ўвайсці ў анабіёз, аднак засталося незразумелым як адбывалася каардынацыя гэтага стану.

Крыніца: Arndt H. J. Wellbrock et al, Cool birds: first evidence of energy-saving nocturnal torpor in free-living common swifts Apus apus resting in their nests, Biology Letters (2022). DOI: 10.1098/rsbl.2021.0675

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Свіргулі: народжаныя, каб жыць у паветры

Новыя рэкорды чорных свіргулёў пад час міграцыі

Чорны свіргуль – Need for Speed!

Свіргулі з Кітаю зімуюць ажно ў Паўднёвай Афрыцы

5 тысяч км за 5 сутак – гэта чорны свіргуль!