Ці бум папулярнасці назіранняў птушак у ЗША дапаможа ў ахове прыроды?

birders

Згодна з апошнімі ацэнкамі, назіранні птушак (bird watching) прыносяць штогод $41 мільярд у эканоміку ЗША. Паводле U.S. Fish & Wildlife Service, прыкладна 45 мільёнаў амерыканцаў – бёрдэры. Многія з іх інвестуюць значныя рэсурсы ў гэта сваё хобі, прычым гэтая тэндэнцыя нават узмацнілася пад час пандэміі COVID-19, калі многія людзі былі абмежаваныя ў сваіх перамяшчэннях толькі сваімі падворкамі і іх наваколлем.

У жніўні 2020 г. прыродаахоўнае таварыства Audubon паведаміла пра мін 50% павелічэнне продажаў кармоў для птушыных сталовак і абсталявання для бёрдуотчынгу ў некалькіх мясцовасцях ЗША.

Гэтыя і так здзіўляючыя лічбы, могуць яшчэ больш павялічыцца. Справа яшчэ і ў тым, што тэарэтычна назіранні птушак маглі б дапамагчы вырашыць праблему, якая таксама расце ў апошнія гады. А менавіта падкарэктаваць сістэму аховы птушак і іх месцапражыванняў, якая ў ЗША шмат дзесяцігоддзяў заснаваная, у асноўным, на зборах ад ліцэнзій на паляванне на птушак і падатках на продажы паляўнічай зброі. Пасля піка ў 1980-я гады, паляванне на птушак дасягнула ў Штатах мінімальных паказчыкаў за апошнія 25 гадоў і зборы ад яго на праграмы па ахове прыроды зараз складаюць штогод $943 мільёны.

Назіранні ж за птушкамі тэхнічна застаюцца бясплатнымі, ну можа за выключэннем пакупкі бінокля. Аднак з павелічэннем папулярнасці гэтага хобі ўзмацняюцца і галасы-звароты да бёрдэраў дапамагчы захаваць прыроду, за якой яны так любяць назіраць.

“Качыныя маркі” і ахова прыроды сёння

Па-за падворкамі і іх наваколлем, выдатныя магчымасці назіраць птушак існуюць у грамадзкіх парках і на ТВП (Тэрыторыі, важныя для птушак (Important Birding Areas (IBAs)). З 2.832 ТВП, якія вызначаныя ў ЗША, 644 знаходзяцца на паўночным усходзе краіны. У гэтым жа рэгіёне адзначана і найбольшая доля людзей, якія вызначаюць сябе як бёрдуотчары – такіх тут ажно 36%.

Негледзячы на ўзроставую разнастайнасць, амерыканскі бёрдынг усё яшчэ мае рэпутацыю ‘хобі пенсіянераў’, таму што ва ўзроставую групу з 55 да 64 гадоў трапляе найбольшая колькасць назіральнікаў птушак. Аднак гэтая дэмаграфічная карціна змяняецца. “Заўважна, што сярэдні бёрдэр становіцца маладзейшым і гэтае хобі актыўна замяшчае паляўніцтва” – сказаў Çağan Şekercioğlu, эксперт-арнітолаг і прафесар біялогіі ва ўніверсітэце штата Юта. Цікавасць да птушак расквітае, асабліва сярод міленіялаў.

Нават добра інфармаваныя бёрдэры часта адвяргаюць ідэю ўвесці уваходныя квіткі (аплату) для наведвання паркаў, якія створаны і падтрымліваюцца адміністрацыямі асобных штатаў ці федэральный уладай. Wayne Petersen, дырэктар праграмы ТВП для аддзялення таварыства Audubon у штаце Масачусетс, успомніў як 30 гадоў таму ў штаце правалілася ідэя ўвесці дадатковы збор пры пакупцы бінокляў, птушыных сталовак і кармоў для іх, вызначальнікаў птушак і іншых прыладаў для назіранняў за імі, аналагічных падаткам, якія плацяць паляўнічыя пры пакупцы паляўнічай зброі і амуніцыі для яе.

Ён верыць, што адзін з адказаў на дылему па аплаце расходаў на ахову прыроды ў Штатах і далей можа быць “Качыная марка” (Duck Stamp). Гэта федэральная праграма, якую ажыццяўляе агенцтва U.S. Fish & Wildlife, была заснаваная яшчэ ў 1930-я гады пад час Вялікай дэпрэсіі і была накіраваная на змяншэнне шырока распаўсюджанага тады знішчэння водна-балотных угоддзяў, якія з’яўляюцца домам для траціны ўсіх відаў раслін і жывёл, якім пагражае знікненне ў ЗША. “Качыныя маркі” служаць ліцэнзіяй на паляванне на водна-балотныя віды птушак і гарантуць доступ нават непаляўнічым у любы з 560 нацыянальных прыродных рэфугіюмаў (national wildlife refuges), многія з якіх знаходзяцца на галоўных трасах міграцыі птушак.

Штогод паляўнічыя купляюць мільён ‘качыных марак’ па $25 за кожную, 98% з гэтых грошай ідзе наўпрост на ахову і неабходнае аднаўленне водна-балотных угоддзяў у краіне. Калі хаця б палова з 45,1 мільёнаў бёрдуотчараў у Штатах купіць “качыную марку” (а маркі даступныя як он-лайн, так і ў крамах са спартыўнымі таварамі, а таксама пры ўваходзе ў нацыянальныя прыродныя рэфугіюмы), можна было б сабраць каля $ 1,1 мільярда ў год дадаткова.

Petersen сказаў: “Многія бёрдэры не прызнаюць таго, што паляўнічыя ўжо даўно аплачваюць свой доступ (у прыроду). Грошы, сабраныя праз аплату качыных марак маглі б значна пераўзысці неабходныя сродкі для падтрымкі гэтай праграмы.”  

Іншыя шляхі аплаты аховы прыроды

Прафесар Şekercioğlu кажа пра патэнцыйную магчымасць добраахвотных адлічэнняў ад сваіх прыбыткаў кампаній, якія ствараюць разнастайны рыштунак для бёрдэраў і кампаній-аператараў тураў для назіранняў птушак. У 2005 годзе ён прааналізаваў грашовыя патокі пад час правядзення бёрдынг-тураў і прыйшоў да высновы, што 70% грошай не застаецца ў рэгіёне, дзе яны праводзіліся. “Калі кожная кампанія, якая збірае ад $5000 да $10000 з удзельніка падобнага тура за 2-х тыднёвы выезд, ахвяравала б нават 1% ад прыбытку для пакупкі зямлі і ахову крытычна важнага месцапражывання для птушак. Гэта мела б значны эфект”.

Aднак зараз толькі невялікая колькасць тур-аператараў дзейнічае падобным чынам. Так, напрыклад, кампанія Birding Ecotours, якая здзяйсняе разнастайныя туры па ЗША і за іх межамі, данаціць мін 10% са сваіх прыбыткаў на ахову птушак, прычым гэтым потым займаюцца менавіта лакальныя супольнасці. Аднак тысячы відаў птушак, якім пагражае знікненне па ўсяму Свету, маглі б скарыстаць з падобнай, лепш арганізаванай сістэмы адлічэнняў.

Крыніца: Robin Catalano Could a birding boom in the U.S. help conservation take flight? National Geographic, published September 2, 2021

Паводле www.nationalgeographic.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі,

здымак яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Кожны пяты амерыканец – бёрдуотчар!

Назіранні за птушкамі ў ЗША ў лічбавую эру

Lady first: у ЗША ўсталяваны новы рэкорд Вялікага году

Адчуванне шчасця для еўрапейцаў залежыць ад колькасці відаў птушак навокал