Аўстралійскія ібісы навучыліся ачышчаць рапух ад яду перад тым, як іх з’есці

Аўстралійскія белыя ібісы (Threskiornis molucca) навучыліся ‘паласкаць’ марскіх рапух (Rhinella marina) перш, чым праглынуць іх цалкам. Магчыма, што гэты абарыгенны аўстралійскі від птушак дапаможа прыпыніць ці хаця б запаволіць працэс распаўсюджання небяспечнага для мясцовай фауны інвазійнага чужароднага віда амфібій.

Белы ібіс – параўнальна шматлікі і шырокараспаўсюджаны від птушак у Аўстраліі. Яны сустракаюцца не толькі ‘ў прыродзе’, але і ў многіх паселішчах чалавека, дзе харчуюцца разнастайнай жывёльнай ежай. Нядаўна гэтыя птушкі ўпершыню былі заўважаныя пад час “гульняў” з марскімі рапухамі. Аднак калі Emily Vincent з прыродаахоўнага таварыства Watergum больш уважна паглядзела відэа з раней невядомымі для гэтага віду паводзінамі, то аказалася, што ‘гульні’ звязаны з паяданнем рапух і перш, чым праглынуць амфібій, ібісы стараюцца ачысціць іх ад скураных выдзяленняў.

Марскія рапухі – параўнальна вялікія памерамі амфібіі, якія паходзяць з Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, а ў Аўстралію былі завезены ўпершыню ў 1935 годзе, спецыяльна разводзіліся і выпускаліся на плантацыях цукровага трыснягу на ўсходзе краіны. Лічылася, што яны дапамогуць танна і эфектыўна змагацца з абарыгенным жуком, які ахвотна ўключыў гэтую сельгаскультуру ў сваё меню. Тым не менш, без прыродных ворагаў гэтыя інтрадуцэнты праз некалькі гадоў пачалі вельмі хутка павялічваць сваю колькасць – зараз памер іх папуляцыі ацэньваюць у 2 мільёны дарослых асобін. А таксама самастойна і паспяхова распаўсюджваюцца з усходняга ўзбярэжжа Аўстраліі на захад і поўдзень кантыненту з сярэдняй хуткасцю каля 50 км у год.

Спецыяльныя залозы на спіне марскіх рапух у выпадку небяспекі выдзяляюць яд. Жывёлы, на скуру ці ў ратавую поласць якіх трапіць гэтае атрутнае рэчыва, хутка паміраюць ад астаноўкі сэрца. Атрымліваецца, што менавіта гэтага ібісы і стараюцца пазбегнуць. “Птушкі, якія злавілі рапуху, пераварочваюць яе дагары нагамі, падкідваюць у паветры. Пасля гэтага ібісы заўсёды стараюцца выцерці скуру рапух аб мокрую траву ці нясуць у бліжэйшую калужыну ці ручаіну, дзе старанна ‘палошчуць’” – сказала Vincent.

Яна лічыць, што птушкі выпрацавалі метад “напалохай, выпалашчы і паўтары” у адносінах да рапух, каб такім чынам пазбавіць амфібій эфектыўнай, але пасіўнай абароны і потым з’есці.

Цікава, што іншыя аўстралійскія птушкі, такія як мясцовыя чорныя каршуны і вароны, прыдумалі і выкарыстоўваюць іншы спосаб як бяспечна для сябе з’есці рапуху. Звычайна гэтыя птушкі пераварочваюць амфібію на спіну і потым выядаюць яе неабароненыя і пакрытыя тонкай скурай часткі цела знізу.

Прафесар Rick Shine з Macquarie University сказаў, што ібісы вылучаюцца не толькі спосабам, якім пазбягаюць дзеяння атруты, але і тым, што яны першы вядомы від драпежніка, які праглынае рапух цалкам.

Паводле www.bbc.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з https://mdahlem.net

 

 

На гэтую тэму:

Драпежныя птушкі могуць пераносіць агонь, каб ім выпалохваць сабе здабычу!

Незвычайнае адкрыццё: сокалы Элеаноры назапашваюць жывую здабычу!