Пазнавальныя магчымасці самак з узростам змяншаюцца, але яны пачынаюць мець больш патомства

Каманда навукоўцаў з універсітэту Заходняй Аўстраліі разам з калегамі з універсітэту Exeter (Вялікабрытанія) знайшла, што паўднёвыя пярэстыя цімеліі (Turdoides bicolor), якія жывуць у саванах на поўдні Афрыкі, з узростам пачынаюць выгадоўваць больш патомкаў, аднак паступова трацяць ранейшыя пазнавальныя (cognitive) здольнасці.

Каб знайсці гэтую залежнасць, даследчыкі адлавілі і індывідуальна пазначылі камбінацыяй каляровых калец 38 дзікіх цімелій з розных сацыяльных груп. Для ўсіх гэтых птушак сталі вядомыя іх пол і ўзрост. Іх пазнавальныя здольнасці правяралі ў серыі з тэстаў і такім чынам вызначалі асацыятыўнае навучанне (associative learning), адваротнае навучанне (reversal learning) і інгібітарны кантроль (inhibitory control). Гэта і паказала ‘агульнае пазнавальнае праяўленне’ (general cognitive performance (GCP) кожнай птушкі.

GCP было розным у розных асобін, у тым ліку ў залежнасці ад іх полу і ўзросту. Прычым пік пазнавальных здольнасцяў праўлялі маладыя птушкі і GCP паступова і заўважна змяншалася з узростам у самак, але не ў самцоў! Параўнанне дадзеных, атрыманых на працягу больш, чым 10 гадоў назіранняў паказала, што самкі  па меры ‘старэння’ не толькі змяншаюць свае пазнавальныя здольнасці, але і павялічваецца іх поспех размнажэння – у іх вылятае з гнязда ўсё большая колькасць птушанят.

У адрозненне ад папярэдніх публікацый, даследчыкі не знайшлі пацверджанняў, што птушкі, якія жывуць у большых групах, маюць лепшыя паказчыкі GCP, чым цімеліі з меншых груп. Акрамя гэтага тыя самкі, пазнавальныя здольнасці якіх мала змяніліся з узростам у параўнанні з іншымі, мелі і меншыя памерам у параўнанні з тымі вывадкі.

Навукоўцы лічаць, што знойдзеныя імі паказчыкі дэманструюць залежнасць паміж сабой. Пазнавальная дзейнасць патрабуе шмат энергіі для мозга, аднак значная энергія, між іншым, патрэбная і для размнажэння, асабліва самкам: і для фармавання яек, і для наступнага гадавання птушанят. Таму змяншэнне запатрабавання ў першым дае магчымасць выкарыстаць яе для павелічэння паказчыкаў размнажэння.

Цікава, што даследчыкі адзначылі канкурэнцыю паміж самкамі за магчымасць размнажэння ў групе – яна таксама патрабуе шмат энергіі, аднак, як аказалася, не залежыць ад пазнавальных здольнасцяў птушак.

Крыніца: Camilla Soravia et al, General cognitive performance declines with female age and is negatively related to fledging success in a wild bird, Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2022). DOI: 10.1098/rspb.2022.1748

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.biolib.cz

 

 

На гэтую тэму:

Даказана: самкі вялікіх сініц маюць лепшую памяць, чым самцы

СТАРЫЯ САМКІ СІНІЦ ГОРШЫЯ?

Самцы вераб’іных сычыкаў робяць меншыя запасы ежы на зіму, чым самкі і маладыя птушкі