Чым даўжэйшы ўваходны гнездавы тунэль, тым даўжэй у гняздзе растуць птушаняты

Міжнародная каманда навукоўцаў, якія прадстаўляюць Durham University, British Trust for Ornithology (Вялікабрытанія) і Princeton University (ЗША), пасля параўнання вялікай колькасці ўжо апублікаваных даследаванняў знайшла цікавую ўзаемасувязь паміж асаблівасцямі найбольш складаных гнёздаў ткачыкаў і трупіалаў.

Даўно лічыцца, што падвешаныя на тонкіх галінках вялікія ці складаныя гнездавыя пабудовы прадстаўнікоў сямействаў ткачыкавых Ploceidae і трупіалавых Іcteridае (першыя з якіх распаўсюджаны ў т.зв. Старым Свеце, другія - ў т.зв. Новым) дапамагаюць абараніць ім сваё патомства ад змей і іншых непажаданых наведвальнікаў, сярод якіх і некаторыя віды птушак – гнездавых паразітаў.

Аднак дагэтуль не было вядома, чаму своеасаблівыя хады-тунэлі, якія вядуць да непасрэдна гнязда, настолькі адрозніваюцца па даўжыні ў розных відаў з абодвух гэтых груп, якія, як лічаць навукоўцы, хутчэй за ўсё вынайшлі падобныя канструкцыі незалежна. Аказалася, што птушаняты ў найбольш складаных гнёздах і, асабліва, у гнёздах з доўгімі тунэлямі, маюць больш працяглы перыяд развіцця да вылета з гнязда, чым у гнёздах з больш кароткімі тунэлямі да гнездавой камеры. Бо могуць сабе гэта дазволіць дзякуючы эфектыўнай абароне ад драпежнікаў.

Dr. Sally Street з Durham University, адна ў аўтараў публікацыі па выніках параўнання, сказала: "Людзі даўно здзіўляліся арыгінальнасці і складанасці формаў гнёздаў ткачыкаў і трупіалаў, часам яны выплеценыя птушкамі з уваходнымі тунэлямі да 1 метра даўжынёй і прымацоўваныя да тонкіх, звісаючых галін на дрэвах.

Тое, што падобныя структуры павінны дапамагаць птушкам пасіўна абараняць свае гнёзды ад змей ды іншых драпежнікаў, а таксама ад зязюляў, меркавалася толькі на аснове некалькіх назіранняў. Таму тое, што ў нас атрымалася пацвердзіць гэта дзякуючы дэманстрацыі залежнасці паміж даўжынёй уваходнага тунэля да гнёздаў і працягласцю развіцця птушанят у іх, нас вельмі ўзрадавала”.

Крыніца: Sally Street et al, Convergent evolution of elaborate nests as structural defences in birds, Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2022). DOI: 10.1098/rspb.2022.1734. royalsocietypublishing.org/doi … .1098/rspb.2022.1734

Паводле www.phys.org (тэкст і малюнак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Гнёзды і нішы абараняюць, але не заўсёды і не ад усіх

Насамрэч птушкі вучацца будаваць свае гнёзды

Плюсы і мінусы больш позняга вылету з гнязда

Калі птушанятам лепш вылятаць з гнязда?

Як некаторыя птушкі паспяхова выкарыстоўваюць метады мафіі