Самыя яркія белыя пёры сярод усіх птушак знайшлі ў …слонак

слонка

Каманда навукоўцаў з Imperial College London (Вялікабрытанія) пасля правядзення дэталёвых даследаванняў і параўнання апярэння многіх відаў нечакана знайшла, што ў крыптычна афарбаваных слонак (Scolopax rusticola), якія да таго ж вядуць пераважна начны лад жыцця, рулявыя пер’і самыя яркія з усіх відаў птушак.

Больш вядомыя дзякуючы свайму камуфляжнаму апярэнню, якое не дазваляе нават зблізку ўбачыць слонку ў яе ўлюбёным асяроддзі – на фоне лясной падсцілкі пад дрэвамі, самымі яркімі аказаліся белыя плямы на рулявых гэтых кулікоў.

Гэтыя белыя плямы адлюстроўвалі на 30% больш святла, чым наступныя ‘па белізне’ пер’і крычкі-чагравы. Агулам жа белыя плямы слонак атражалі ажно 55% накіраванага на іх святла, што было вызначана спектрафатометрам. Гэта амаль у 5 разоў больш, чым пер’е белай савы і прыкладна ў 10 разоў лепшы паказчык, чым у попельнай чачоткі.

Структура пяра далей вывучалася з дапамогай скануючага і трансмісійнага электронных мікраскопаў. Дзякуючы гэтаму знайшлі, што такое моцнае адлюстраванне дасягаецца з-за некагерэнтнага святла (incoherent light), якое рассейваецца керацінам і паветрам унутры кожнай полай мікраструктуры адпаведных участкаў пяра.

Гэты эфект узмацняецца дзякуючы агулам плоскім і параўнальна высокім полым клеткам пяра, прычым яны размяшчаюцца як стужкі жалюзі, чым дадаткова павялічваюць паверхню, якая адлюстроўвае святло.

Аўтары даследавання пішуць, што слонкі хутчэй за ўсё выкарыстоўваюць такія яркія белыя плямы на рулявых пёрах, каб эфектыўна камунікаваць паміж сабой у слабым святле падлеска і пад час палётаў у прыцемках. Цікава, што ўсе восем сучасных відаў слонак маюць вельмі падобныя ярка-белыя плымы на рулявых пёрах, аднак іх яркасць не мералася ва ўсіх відаў.

Крыніца: J.Dunning et al.. 2022. How woodcocks produce the most brilliant white plumage patches among the birds. bioRxiv. DOI: https://doi.org/10.1101/2022.12.09.519795

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Аляксандра Эрдмана

 

 

На гэтую тэму:

Белыя совы сігналяць суродзічам сваёй белізной

Дзюбы тупікаў свецяцца пад УФ промнямі

Начных драпежнікаў стала больш (+ VIDEO)