Як назіранні за птушкамі прычыніліся да смерці караля Польшчы Ягайлы

Першага чэрвеня 1434 г. памёр Уладзіслаў Ягайла (у польскай транскрыпцыі - Władysław Jagiełło). Пад час свайго параўнальна доўгага жыцця (нарадзіўся ў Вільні паміж 1352 і 1362 гг.), ён быў князем віцебскім, вялікім князем літоўскім (у 1377-1392 гг), каралём польскім (у 1386-1434) і вярхоўным князем літоўскім (у 1392-1434 гг). Старэйшы сын вялікага князя Альгерда ў другім яго шлюбе, з цвярской князёўнай Ульянай Аляксандраўнай.

У 1385 годзе была падпісана Крэўская унія — пагадненне аб дынастычным саюзе паміж Польскім каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім. У 1386 годзе Ягайла прыняў каталіцтва і быў ахрышчаны як Уладзіслаў у Кракаве. Ажаніўшыся з маладой каралевай Ядвігай, быў каранаваны на трон Польшчы пад імем Уладзіслаў II Ягайла. Знаходзіўся на польскім троне 48 гадоў і такім чынам кіраваў гэтай краінай найдаўжэй з усіх каралёў. Неўзабаве паміж ім і Вітаўтам пачалася грамадзянская вайна, якая скончылася Востраўскім пагадненнем і перадачай фактычнай улады ў ВКЛ Вітаўту. У 1410 годзе Ягайла разам з ім кіраваў саюзным войскам у час Грунвальдскай бітвы, пасля якой Тэўтонскі ордэн ужо не здолеў аднавіць сваю былую магутнасць.

партрэт

Партрэт караля Уладзіслава Ягайлы на крыле алтара ў Kaplicy Świętokrzyskiej.

Уласнае праўленне Ягайлы ў Польшчы, якое пачалося ў 1399 годзе пасля смерці каралевы Ядвігі, доўжылася да 1434 года і заклала трывалы падмурак для шматвяковай польска-літоўскай уніі. Ягайла стаў заснавальнікам каралеўскай дынастыі Ягелонаў, прадстаўнікі якой наступныя амаль 200 гадоў кіравалі ВКЛ і Польскім каралеўствам.

Вельмі дасведчаны палітык і вайсковы кіраўнік, мецэнат мастацтваў і навукі, ён, між іншым, аднавіў дзейнасць Кракаўскага ўніверсітэту, які ў яго гонар носіць назву Ягелонскага. Хаця дакладна не вядома, ці сам Ягайла быў актыўным сакальніком – г.зн. паляўнічым с лоўчымі птушкамі, але менавіта пад час яго кіравання сакальніцтва перастала быць выключна каралеўскай актыўнасцю і стала таксама адным з прывілееў магнатаў і шляхты. У 1423 г. на Кракаўскім з’ездзе было ўсталалявана іх права палявання на ўласнай зямлі.

Паводле сведчання сучаснікаў, да смерці ўжо немаладога караля прычыніліся … салаўі. Ягайла, які вельмі любіў слухаць іх спевы, меў прызвычаенне вясеннія ночы праводзіць у лясах, слухаючы там птушак. Не змаглі яго спыніць нават незвычайныя марозы, якія вясной 1434 году здарыліся ў Польшчы. Пад час сваёй стаянкі ў Медыцы (w Medyce), 30 красавіка кароль „…правёў большую частку ночы так, слухаючы /птушак/, прастудзіўся і захварэў”.

Ягайла даволі хутка зразумеў наколькі сур’ёзна яго становішча, надыктаваў завяшчанне і паспаведаўся. Памёр кароль у Гарадку ўначы 1 чэрвеня 1434 года, да канца захаваўшы поўную свядомасць. Яго цела было дастаўлена ў Кракаў і 18 чэрвеня было пахаванае ў мясцовым фарным касцёле.

Паводле Katedra na Wawelu (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Фрагмент саркафага караля Уладзіслава Ягайлы ў Katedrze Wawelskiej.

 

 

На гэтую тэму:

Колькі год кальцаванню птушак?

МАНАХ, ЯКІ ВУЧЫЎ ЛЮБІЦЬ І ВЕДАЦЬ ПРЫРОДУ. ДА 250-ЦІ ГОДДЗЯ СТАНІСЛАВА БАНІФАЦЫЯ ЮНДЗІЛА (1761 – 1847)

КАНСТАНЦІН ТЫЗЕНГАЎЗ (1786-1853) – ПАТРЫЁТ І ЗАСНАВАЛЬНІК БЕЛАРУСКАЙ АРНІТАЛОГІІ

200 гадоў Уладзіславу Тачаноўскаму (1819-1890) - заснавальніку польскай арніталогіі