Прапанавана лічыць рыжабрухіх свірстуноў з Паўночнай Амерыкі і Азіі асобнымі відамі

На аснове знойдзеных генетычных і вакальных адрозненняў міжнародная каманда навукоўцаў прапанавала лічыць асобнымі відамі рыжабрухіх свірстуноў Anthus rubescens па абодва бакі паўночнай часткі Ціхага акіяна – у Паўночнай Амерыцы і ў паўночна-усходняй частцы Азіі. Цікава, што абодва новапрапанаваныя віды былі адзначаны ў Еўропе.

Гэтыя свірстуны з’яўляюцца блізкімі да скальнага (A. petrosus) і горнага свірстуноў (A. spinoleta) і некалі нават лічыліся адным відам. У Паўночнай Амерыцы распаўсюджаны два алапатрычных падвіда рыжабрухага свірстуна – намінальны rubescens і alticola, а ў Азіі адзін japonicas. Негледзячы на вельмі падобны знешні выгляд свірстуноў, большасць асобін у нешлюбным уборы могуць быць вызначаны і аднесены да адной з двух груп падвідаў.

На аснове адрозненняў у мітахандрыяльнай ДНК (mtDNA) і вакалізацыі птушак, даследчыкі лічаць, што знойдзены імі ўзровень дывергенцыі паміж групамі падвідаў рыжабрухага свірстуна тыповы для свірстуноў блізкіх, але розных відаў і таму з’яўляецца відавым. Такім чынам, яны прапануюць падзяліць від на два: амерыканскі свірстун (American Pipit) Anthus rubescens і японскі свірстун (Siberian Pipit) Anthus japonicus. (Абедзьве беларускія назвы новых відаў, як і папярэдняга не з’яўляюцца афіцыйнымі)

Цікава, што птушкі амерыканскага віду ў вельмі невялікай колькасці амаль штогод залятаюць і адпаведна адзначаюцца ў Вялікабрытаніі і Ірландыі. Адбываецца гэта галоўным чынам на захадзе астравоў і ў апошнія гады колькасць рэгістрацый трошкі павялічылася – да 8 ў 2021 годзе. Адначасова няма доказаў залёту японскіх свірстуноў на Брытанскія астравы, аднак яны ёсць для кантынентальнай часткі Еўропы – вядомыя залёты А. japonicus у Францыю (у 2018-м) і Нідэрланды (у 2023-м), дзе невядомыя рэгістрацыі амерыканскага свірстуна. Бліжэйшыя рэгулярныя месцы зімоўкі японскага свірстуна – Каўказ і Сярэдні Усход. 

Крыніца: Alström, P, Coiffard, P, Crochet, P-A, Doniol-Valcroze, P, Dufour, P & Robb, M. 2023. Molecular and acoustic evidence support the species status of Anthus rubescens rubescens and Anthus [rubescens] japonicus. Zootaxa.

Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымак амерыканскага свірстуна) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Стэпавыя свірстуны з Заходняй Сібіры рэгулярна зімуюць у Заходняй Еўропе