Стэпавыя свірстуны з Заходняй Сібіры рэгулярна зімуюць у Заходняй Еўропе

Эвалюцыя шляхоў міграцыі птушак застаецца параўнальна слабавывучанай, галоўным чынам таму, што падобныя змены цяжка адсочваць. Стэпавы свірстун (Anthus richardi) - тыпова  азіяцкі від  вераб’іных, які гняздуе ў сібірскіх лугах і стэпах, а зімуе ў Паўднёва-Усходняй Азіі. У апошнія дзесяцігоддзі колькасць рэгістрацый віда на зімоўцы ў Заходняй Еўропе значна павялічылася, хаця як і іншыя віды, якія зімуюць і гняздуюць у Азіі, ім няма чаго рабіць на нашым кантыненце. А колькасць выпадковых залётаў, “праз памылку”, тэарэтычна павінна была б заставацца больш-менш пастаяннай і невялікай.

Доўгатэрміновыя назіранні і выкарыстанне сучасных тэхналогій па адсочванні перамяшчэнняў вераб’іных птушак дазволілі адказаць на некаторыя пытанні: Ці павелічэнне рэгістрацый свірстуноў у Еўропе адлюстроўвае толькі птушак, якія па нейкіх прычынах збіліся з правільнага пралётнага шляху і апынуліся замест Паўднёва-Усходняй Азіі ў Еўропе праз памылку і не дадуць рады вярнуцца на месцы гнездавання віда, ці гэтыя птушкі адлюстроўваюць новую міграцыйную стратэгію?

Пасля першай рэгістрацыі віда на зімоўцы ў Францыі ў 1991 годзе, колькасць месцаў і зімуючых птушак на поўдні гэтай краіны, а таксама ў Італіі, Гішпаніі і Партугаліі пастаянна павялічваецца. Значна павялічваецца і агульная колькасць рэгістрацый стэпавых свірстуноў у Заходняй Еўропе, у асноўным пад час восеньскіх пралётаў. Так, у Францыі, з 3-6 з 1981 да 1993 году іх колькасць  павялічылася ажно да 144 у 2018 годзе, падобным чынам ўзрасла і агульная колькасць птушак. Адначасова шмат часцей сталі адзначацца і іншыя азіяцкія віды вераб’іных птушак, але колькасць іх рэгістрацый павялічылася яўна не так значна і таму рост рэгістрацый стэпавых свірстуноў не можа быць звязаны толькі з павелічэннем дасведчаных назіральнікаў.

графік

На працягу трох зімовых сезонаў на ўзбярэжжы Міжземнага мора ў Францыі і Гішпаніі былі адлоўлены 81  свірстун, з якіх 34.6% былі дарослымі. Гэта даволі блізкія суадносіны маладых і дарослых птушак  для іншых  (еўрапейскіх) відаў , якія тут зімуюць і  хутчэй  сведчыць пра асваенне свірстунамі новых  для віда  месцаў зімоўкі, чым пра выпадковыя залёты.

У дадатак да гэтага, за першыя два сезоны даследаванняў былі пазначаныя каляровымі кольцамі 68 птушак, з якіх у  наступныя пасля кальцавання зімы ў тых самых месцах назіралі 11 птушак, прычым 4 з іх  паслядоўна дзве зімы запар. Каб зразумець паходжанне зімуючых свірстуноў, на 7 з іх былі змешчаныя геалакатары (global location sensors (GLSs)) і 3 птушкі з  іх былі пераадлоўлены ў наступныя зімы, каб спампаваць  запісаныя прыладамі дадзеныя. Усе тры  свірстуны правялі лета ў тым самым месцы ў Навасібірскай вобласці Расіі, дзе гнездавалі на заходнім краі  вядомага арэалу віда.

Гэтыя птушкі праляцелі прыкладна 6 тысяч км з Заходняй Сібіры на захад – вельмі незвычайны маршрут для большасці азіяцкіх  відаў. У апошнія гады, дзякуючы грамадзкай навуцы, мы ўсё больш даведваемся пра падобных мігрантаў розных відаў, якія выбіраюць паўднёва-заходнія часткі Еўропы для сваёй зімоўкі і дзякуючы больш лагодным зімам,  маюць тут параўнальна добрую выжывальнасць і  вяртаюцца пасля чарговых сезонаў размнажэння  ў Азіі. Да іх можна аднесці пячураўку-зарнічку (Phylloscopus inornatus), сібірскі падвід пячураўкі-ценькаўкі (Ph. collybita tristis), плямістага свірстуна (А. hodgsoni)   - хутчэй за ўсё гэтыя віды таксама  ўжо ‘стварылі’  другасныя месцы зімоўкі ў Еўропе.

Падобныя назіранні выразна кажуць пра тое, што выпадковыя залёты птушак недаацэнены пры ўзнікненні новых пралётных шляхоў і з’яўляюцца адаптацыяй да глабальных зменаў на месцах іх зімоўкі.

Чым бы ні былі абумоўлены механізмы, з якімі звязана ўзнікненне падобнага новага шляху міграцыі, гэтае даследаванне адно з першых апісвае яго.

PS Ці хапае ўжо атрыманых дадзеных для ўключэння стэпавага свірстуна ў Спіс відаў птушак Беларусі?

мапа

Ці можна лічыць дастатковым доказам атрыманую даследчыкамі ‘кропку’ месца адпачынку як мінімум аднаго  стэпавага свірстуна недзе каля мяжы Беларусі і  Украіны? На наш погляд – не,  бо  дакладнасць вызначэння каардынат з дапамогай расшыфроўкі запісаў геалакатара працягласці светлай часткі сутак з дапамогай розных праграм даволі прыблізная і на прыкладзе параўнання дакладнасці працы геалакатара і GPS-перадатчыка вядома, што гэта могуць быць адрозненні ад 50 да нават сотняў км.

  

Крыніца: Paul Dufour et al. 2021. A new westward migration route in an Asian passerine bird // Current Biology 10-2021 https://doi.org/10.1016/j.cub.2021.09.086

Паводле www.cell.com i www.sciencedirect.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На  гэтую тэму:

Пячураўкі-зарнічкі пачалі зімаваць у Еўропе!

Новый вид птиц для Беларуси «видели» только спутники?

Новы для Беларусі від птушак – пячураўка-зарнічка – адляцеў з уласным кальцом

Адрозненні ў генах пячуравак з розных папуляцый прымушаюць іх зімаваць у розных месцах

Больш частыя сустрэчы малых лебедзей у Беларусі – вынік утварэння новых месцаў зімоўкі?

Месцы зімовак малых лебедзяў з Ямала- нечаканыя вынікі

В СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 337 ВИДОВ: ПРОТОКОЛ ЗАСЕДАНИЯ БОФК ОТ 11.03.2021 И ОБНОВЛЕННЫЙ СПИСОК ПТИЦ БОФК