Абедзве асобы, якія цвердзяць, што ў пачатку лютага змаглі занесці ў свае спісы 10ці тысячны від птушак - амерыканскія бёрдэры. Як часта бывае ў такіх своеaсаблівых спаборніцтвах, хто з іх насамрэч стаў першым, застаецца невядомым.
Peter Kaestner, былы амерыканскі дыпламат, убачыў і сфатаграфаваў свой 10-ці тысячны від птушак на Філіпінах 9 лютага, дзе ён змог адзначыць 25 лайфераў. Пераломным для яго відам стаў аранжавабокі павукалоў Arachnothera flammifera з эндэмічных філіпінскіх няктарніц, сфатаграфаваны ім на ўсходзе вострава Mindanao. Такая колькасць адзначаных відаў - гэта амаль 90% ад іх сучаснага сусветнага спісу, бо паводле апошняй версіі (14.1) Міжнароднага арніталагічнага камітэта ў IOC World Bird List 11.194 віды.
Аднак як ён сам прызнаўся ў ФБ, Kaestner’у прыйшлося тэрмінова змяніць свае планы, паводле якіх ён хацеў дасягнуць выніку ў 10 тысяч відаў прыкладна ў другой палове гэтага году.
Увосень 2023 году ён даведаўся, што ёсць яшчэ адзін рэальны прэтэндэнт на той самы рэкордны вынік. Гэта доктар медыцыны Jason Mann. Ён таксама амерыканец, але жыве ў Ганконгу. Dr. Mann меў у сваім асабістым спісе 9604 відаў на прыканцы кастрычніка 2023, а ўжо ў сярэдзіне студзеня 2024 году іх стала 9943!
Kaestner вырашыў ляцець на Тайвань, а калі вярнуўся і пасля паляцеў на Філіпіны, даведаўся, што супернік ужо ў Калумбіі. У выніку, як сцвярджае Mann, ён адзначыў свой 10-ці тысячны від птушак на тыдзень раней за Kaestner’а.
--------------------
Варта падкрэсліць, што Kaestner даволі даўно назірае за птушкамі і ў 1986 годзе стаў першым, хто бачыў прадстаўнікоў усіх сучасных птушыных сямействаў. Акрамя гэтага, ён прычыніўся нават да апісання новага для навукі віда - у 1989 годзе ім стала адна з піттавых мурашкаловак, адзначаная ім на ўсходніх узгор’ях Андаў і эндэмічная для Калумбіі птушка, якая ў 1992 атрымала яго імя - Grallaria kaestneri.
Паводле www.birdguides.com і www.facebook.com/peter.kaestner (частка тэксту і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
З’явіўся першы чалавек, які бачыў больш 9000 відаў птушак!
Інтэрв’ю з Чэмпіёнам, які адзначыў 6833 віды птушак за свой Вялікі год
Рэкордны Вялікі год: першы погляд ад першай асобы + VIDEO
Новы рэкорд Вялікага дня (Big Day) ўсталяваны ў Эквадоры, у Коста Рыцы атрымалася толькі абнавіць трэці вынік
Вялікі дзень у Перу (Peru World Big Day): новы рэкорд і бёдуотч для навукі, задавальнення і аховы птушак
КОЖНЫ ПЯТЫ АМЕРЫКАНЕЦ – БЁДУОТЧАР!
Калумбія ізноў першая ў разнастайнасці птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ