Самкі амерыканскіх слонак гняздуюць яшчэ і пад час міграцыі, прычым да 5 разоў у сезон!

Тэарэтычна, міграцыя і гнездаванне як самыя энергетычна затратныя перыяды ў гадавым жыццёвым цыкле птушак, павінны быць адасоблены адно ад аднаго каб пазбегнуць перарасходу наяўнай у асобін энергіі. Аднак маштабнаму даследаванню з выкарыстаннем спадарожнікавых перадатчыкаў атрымалася паказаць, што ёсць яўнае выключэнне з гэтага правіла.

Вялікая каманда навукоўцаў знайшла шматлікія прыклады т.зв. ‘вандроўнага размнажэння’ (‘itinerant breeding’) ў амерыканскай слонкі (Scolopax minor), якое дагэтуль было даказана толькі для некалькіх відаў птушак (менш, чым 0,1% ад іх агульнай колькасці ў пр. 11.500 відаў). 

36 штатных, федэральных і недзяржаўных арганізацый фінансава падтрымалі сачэнне за самкамі амерыканскай слонкі з дапамогай спадарожнікавых GPS перадатчыкаў. Больш за 200 птушак былі пазначаны імі на тэрыторыі ўсходняй часткі Паўночнай Амерыкі ад Фларыды (ЗША) на поўдні да атлантычнай Канады (Atlantic Canada) на поўначы ў рамах праекту Eastern Woodcock Migration Research Cooperative у 2019-22 гг.

Большасць самак (больш 80%) гнездавалі часцей 1 разу за сезон (некаторыя нават 6 разоў!) з кароткімі перапынкамі паміж наступнымі спробамі. У большасці выпадкаў пад час вясновай міграцыі паміж першым месцам размнажэння і другім, якое адбывалася паўночней, сярэдняя адлегласць складала 800 км, а затым яна змяншалася да пр. 200 км у наступных выпадках. Найбольшая адлегласць паміж першым і апошнім месцам гнездавання той жа самкі слонкі ў тым жа сезоне аказалася 2315 км.

птушка

Малюнак Slezak C.R. et al. 2024 з https://royalsocietypublishing.org

Сярод 144 вельмі імаверных выпадкаў гнездавання 52 з 55 самак (95%), ад якіх паступалі сігналы з перадатчыка ў інтэрвале ад 1 да 3 дзён на працягу асноўнай часткі сезону размнажэння (20.02-01.06 у дадзены год), у 41 самкі з гэтых 52 (81%) была больш, чым адна спроба гнездавання. Не было адрозненняў па працягласці гнездавання паміж усімі спробамі і іх сярэдні час быў 16,5 дзён. Таксама статыстычна не адрознівалася і працягласць перапынкаў паміж чарговымі спробамі гнездавання і яны склалі 20-28 дзён.

Практычна ўсе віды птушак, для якіх знойдзена ‘вандроўнае размнажэнне’, маюць шэраг агульных рысаў: параўнальна нізкія кошты размнажэння і гнездаванне ў эфемерычных біятопах (напрыклад, лясы на ранніх стадыях сукцэсіі ў амерыканскай слонкі). Аднак у адносінах да слонак можна пералічыць і іншыя фактары, якія маглі іграць важную ролю ва ўзнікненні і развіцці такой унікальнай сістэмы размнажэння: як многія іншыя сеўкападобныя, самка слонкі адкладвае 4 яйкі і яе птушаняты вывадковага тыпу. У параўнанні з арктычнымі відамі кулікоў, кошты міграцыі і размнажэння для самак слонак параўнальна невялікія. І яны адносяцца да невялікай колькасці відаў, якія адкладваюць запасы тлушчу і потым выкарыстоўваюць іх для размнажэння. Значна карацейшыя за іншыя віды пралётныя шляхі і параўнальна даступная ежа дапамагаюць растлумачыць як самкі слонак могуць так часта размнажацца нават калі толькі яны забяспечваюць выхаванне птушанят (uniparental care).

Атрыманыя даследчыкамі доказы частага размнажэння амерыканскіх слонак пад час міграцыі даюць магчымасць растлумачыць даволі своеасаблівыя факты біялогіі размнажэння віда, даўно вядомыя навукоўцам. Гэта (i) вельмі працяглы гнездавы сезон (са студзеня да жніўня ўключна), прычым самцы ў паўднёвых частках арэала пачынаюць такаваць ужо ў студзені, (ii) выпадкі паўторнага гнездавання гэта хутчэй правіла для віда, чым выключэнне і (iii) самкі, якія былі акальцаваныя пад час гнездавання на поўдні, пазней у тым жа сезоне здабываліся на поўначы арэала. І, нарэшце, (iv) экстрэмальны для кулікоў узровень палавога дымарфізму ў памерах самца і самкі.

Сістэма размнажэння віда - полігінія, прычым самцы займаюць і бароняць індывідуальныя тэрыторыі, на якіх такуюць. Самкі гняздуюць паблізу гэтых тэрыторый або на іх, аднак не адзначана ніякіх сацыяльных сувязяў паміж партнёрамі і ўдзелу самцоў у інкубацыі яек або гадаванні птушанят.

 

Крыніца: Slezak C.R. et al. 2024 Unconventional life history in a migratory shorebird: desegregating reproduction and migration. Proc. R. Soc. B 291: 20240021. https://doi.org/10.1098/rspb.2024.0021 

Паводле https://royalsocietypublishing.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з https://ebird.org 

 

На гэтую тэму:

Нечаканае адкрыццё ў Мексіцы: некаторыя мігранты гняздуюць там другі раз пад час міграцыі!

Незвычайныя “рэкорды” шатландзкіх балотных соваў

Партнёры ў кулікоў дамаўляюцца паміж сабой, але як – застаецца незразумелым

Хто менш спіць, мае больш дзетак

Арктычныя пясочнікі “дзеля сэксу” не хочуць спаць і гатовы праляцець 13 тысяч дадатковых кіламетраў + VIDEO