Дзякуючы выкарыстанню сучасных тэхналогій, даследчыкі з Брытанскага арніталагічнага траста у Шатландыі (BTO Scotland) даведаліся пра незвычайныя выпадкі з жыцця балотных соваў (Asio flammeus). Хаця на сённяшні дзень галоўная мэта праграмы – размясціць на 20 совах спадарожнікавыя перадатчыкі, яшчэ не выкананая, аднак тыя дадзеныя, якія ўжо атрыманыя, не могуць не здзіўляць.
Найбольш цікавы выпадак падвойнага гнездавання ў тым самым сезоне атрымалася адсачыць для адной з самак, пазначанай перадатчыкам у траўні 2017 году ў графстве Stirlingshire (Шатландыя).
Адлоўленая на гняздзе птушка, у ліпені паляцела на поўнач, у Perthshire. У сакавіку 2018-га сава даляцела да паўночнага ўзбярэжжа Шатландыі, а потым вярнулася ў красавіку ў Perthshire, каб загнездаваць там.
Пасля вылуплення птушанят, самка пакінула іх на дагляд самца і 18 траўня пераляцела Паўночнае мора ў Нарвегію. Тут ў мясцовасці Oppland, яна загнездавала яшчэ раз і пасля вылуплення птушанят ізноў заставіла самца з імі. Увосень сава вярнулася ў Вялікабрытанію, наведваючы розныя месцы каб у рэшце рэшт апынуцца ў мясцовасці Co Galway, што ў Ірландыі!
Паступова яна пералятала на поўдзень і ўсход і ў лістападзе ўжо была ў Co Cork, а ў лютым і сакавіку 2019 ў графстве Devon. Адтуль яна пачала перамяшчацца на поўночны ўсход і ў красавіку адзначылася ў графствах Cambridgeshire і Norfolk. На прыканцы месяца, 26 красавіка, сава ізноў паляцела праз Паўночнае мора ў кірунку Нарвегіі! На вялікі жаль, апошні атрыманы раніцай наступнага дня сігнал сведчыць пра тое, што птушка трошкі не даляцела да паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Нарвегіі і загінула.
Дадзеныя пра яе параўнальна далёкія перамяшчэнні, зробленыя на працягу ўсяго двух гадоў і падвойнае гнездаванне ў той самы сезон у розных краінах сведчаць пра вялікае значэнне даступнасці грызуноў для гнездавання соваў і іх магчымасць знаходзіць падобныя месцы нават у той самы гнездавы сезон на параўнальна вялікай адлегласці адно ад аднаго.
Іншы цікавы выпадак звязаны з балотнай савой, пазначанай перадатчыкам на гняздзе 11 червеня 2019 года ў мясцовасці Arran (Шатландыя). Гэтая самка пасля паспяховага гнездавання паляцела спачатку ў Bute і Kintyre на тры дні ў сярэдзіне ліпеня, а потым на 10 дзён вярнулася на месца гнездавання. Да канца кастрычніка птушка знаходзілася недалёка ў шатландзкай мясцовасці Dalmellington.
У пачатку лістапада сава паляцела на поўдзень і 8 лістапада была ў Devon, адкуль наступным ранкам вырушыла далей ў тым самым кірунку і дзякуючы моцнаму папутнаму ветру за 6 гадзін пераляцела ў Францыю, такім чынам пераадолеўшы 495 км з сярэдняй хуткасцю 82,5 км у гадзіну!
Актыўны палёт на поўдзень і паўднёвы захад працягваўся і птушка 13 лістапада пераляцела Пірэнейскія горы, а потым Гіблартарскі праліў і 24 лістапада апынулася ў Марока. Апошнія сігналы ад яе паступаюць з гэтай краіны, з мясцовасці Oualidia.
Джон Кэладайн (John Calladine), старэйшы даследчык ВТО і лідар праекту па вывучэнні балотных соваў, сказаў: “Атрыманыя намі дадзеныя вельмі цікавыя таму, што належаць да дарослых птушак, самак. Тое, на якія вялікія адлегласці яны могуць перамяшчацца каб гнездаваць і каб зімаваць, сапраўды ўражвае”.
Паводле www.bto.org (тэкст і мапа) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак балотнай савы – Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Простыя складаныя ўзаемасувязі: совы і палёўкі
Много ли надо сове: ведро покрепче и полевок побольше
Фота-пасткі зарэгістравалі незвычайныя падзеі на гнёздах палявых луней
Белыя совы сігналяць суродзічам сваёй белізной
На нашых вачах адасабляецца брытанскі падвід шэрай кугакаўкі
Cовы не глохнуць з узростам?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ