Усходняя варона (Corvus splendens) для Афрыкі - чужародны інвазійны від птушак, які не толькі значна шкодзіць мясцовай сельскай гаспадарцы, турызму, але і прыродзе. Таму ўрад Кеніі запланаваў вельмі маштабную элімінацыю варон у краіне і да канца гэтага году чакаецца знішчэнне 1 мільёна асобін.
Усходняя варона - адзін з прадстаўнікоў сямейства Крумкачовых (Corvidae). Яе прыродны арэал даволі шырокі, яна сустракаецца ў Паўднёвай Азіі ў Іране, Непале, Бангладэш, Індыі, Пакістане, на Шры Ланцы, Мальдзівах, на поўдні М’янмы і Таіланду. Параўнальна нядаўна, з 1998 г., ўсходнія вароны пачалі гнездаваць у Еўропе, дзе невялікая папуляцыя працягвае паступова павялічвацца ў адным з прыморскіх гарадоў у Нідэрландах. Ведаючы пра магчымасці віда да паспяховай і хуткай каланізацыі новых тэрыторый, Еўрапейская камісія ўнесла ўсходнюю варону ў першы Чорны спіс найбольш небяспечных інвазійных чужародных відаў для нашага кантыненту.
На прыканцы ХІХ ст. від быў завезены чалавекам і выпушчаны на Занзібары для таго, каб вароны там харчаваліся падаллю і арганічнымі рэшткамі дзейнасці людзей. Аднак з часам птушкі пачалі некантраляваную і паспяховую каланізацыю многіх краін Усходняй Афрыкі і да 1980-х гг распаўсюдзіліся практычна па ўсяму усходняму ўзбярэжжы Афрыканскага кантыненту.
У пачатку чэрвеня урад Кеніі абвесціў пра план знішчэння ў краіне ўсходняй вароны як віда яшчэ ў гэтым годзе, для чаго да канца году трэба забіць прыкладна мільён асобін. Рашэнне прагучала пасля сустрэчы стэйкхолдэраў, сярод якіх былі прадстаўнікі Kenya Wildlife Service (KWS), уладальнікі гатэляў на ўзбярэжжы, ветэрынары, біёлагі з Wildlife Research and Training Institute і фермеры. Усе выказалі свае прэтэнзіі да чужароднага віду, які не толькі шкодзіць мясцовым папуляцыям звычайных і рэдкіх птушак, але і з’яўляецца шкоднікам для сельскай гаспадаркі і сумна вядомы агрэсіўнымі паводзінамі ў адносінах да турыстаў.
Colin Jackson, эксперт-арнітолаг з прыродаахоўнай арганізацыі Rocha Kenya, сказаў:
“Калі папуляцыі абарыгенных відаў птушак пачынаюць змяншацца, адбываецца дэградацыя мясцовых экасістэм. Парушаецца баланс паміж рознымі звеннямі харчовых ланцугоў і пачынаецца лавінападобны эфект зменаў, калі адны цягнуць за сабой іншыя. Таму шкоды ад дзеяння варон далёка пераўзыходзяць праблемы для відаў, на якія яны непасрэдна ўздзейнічаюць, негатыўна адбіваючыся на многіх экасісітэмах”.
Гэта не першая спроба кенійскіх уладаў абмежаваць колькасць і распаўсюджанасць усходніх варон у краіне. Аднак у папярэдні раз від параўнальна хутка не толькі аднавіў велічыню сваёй папуляцыі, але і значна павялічыў яе за мінулыя больш, чым 20 гадоў пасля акцый па вынішчэнні, пад час якіх нават выплочваліся прэміі за кожную забітую варону.
Паводле Kenya Pest Control and Products Board (PCPB), акрамя механічных метадаў вынішчэння чужародных птушак, шырока будзе выкарыстоўвацца і спецыяльная атрута. Для гэтага ўжо была адобрана ліцэнзія на яе закуп за мяжой.
Паводле www.downtoearth.org.in падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Сяргея Зуёнка
На гэтую тэму:
Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў
Еўразвяз распачне барацьбу з інвазійнымі інтрадуцэнтамі
Аўстралійцы нарэшце ачысцяць краіну ад інтрадукаваных звяроў?
МСАП (IUCN) прапануе нарэшце скласці Чорны спіс інвазійных відаў
Вынішчыць адных папугаяў каб захаваць іншых
“Грамадзкія арнітолагі” пазітыўна ўспрымаюць неабходнасць рэгуляцыі птушак-інтрадуцэнтаў
Дылема: Забіваць адных каб захаваць другіх?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ