Самкі птушак, якія спарваюцца не толькі з адным партнёрам такім чынам падвышаюць шанцы на выжыванне свайго патомства – да такіх высноваў прыйшлі даследчыкі з ўніверсітэту Ўсходняй Англіі.
Пытанне “Чаму нявернасць так шырока распаўсюджана ў жывёльным царстве?” доўгі час займала біёлагаў. І хаця большасць самак у птушак прытрымліваюцца т.зв. сацыяльнай манагаміі - калі яны ўтвараюць пару толькі з адным самцом, які дапамагае выгадаваць патомства, параўнанне ДНК бацькоў і іх патомства дазваляе сцвердзіць, што нават у такіх выпадках па меншай меры некаторыя з патомкаў маюць іншага біялагічнага бацьку чым той, які іх гадаваў.
Даследаванне, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе Molecular Ecology паказала, што спарванне з іншымі самцамі з па-за пары дазваляе павялічыць разнастайнасць спецыфічных генаў, якія вызначаюць хваробы і рыхтуюць імунны адказ у патомства. Як следства, такое патомства жыве даўжэй, напэўна з-за таго, што мае лепшую ўстойлівасць да большай колькасці хваробаў.
З 1997 году больш 97% мясцовых эндэмікаў сейшэльскіх чаротавак (Acrocephalus sechellensis) на невялічкай выспе Cousin (Сейшэльскія астравы) былі акальцаваныя, ў іх узяты пробы крыві (для атрымання ДНК) і навукоўцы назіралі за іх гнездаваннем. Такім чынам атрымалася прасачыць лёс 160 птушанят, якія вылупіліся на востраве паміж 1997 і 1999 гг.
Даследчыкі знайшлі, што самкі, якія ўтваралі пару з самцамі, якія мелі нізкую разнастайнасць “хваробазнаходзячых” генаў, спарваліся з іншымі самцамі. Апошнія мелі большую разнастайнасць патрэбных патомству генаў для вызначэння хвароб. Такія паводзіны самак былі даволі звычайнымі, бо 40% птушанят мелі гены бацькоў іншых, чым тыя, што ўтваралі пару.
Пасля гэтага каманда навукоўцаў вызначала – ці маюць перавагі такія па-за партнёрскія птушаняты ў параўнанні са “звычайнымі”. Патомства ад такіх пазапарных капуляцый мела большую разнастайнасць генаў, якія адказвалі за вызначэнне хвароб, чым патомства ад самцоў з пары. Таму і птушаняты ад “няверных” спарванняў жылі ў сярэднім у два разы даўжэй, чым чакалася. Некаторыя ж з іх – тыя, якія атрымалі даволі рэдкія камбінацыі такіх генаў – пражылі нават у пяць разоў даўжэй, чым птушаняты без такіх геномаў.
Д-р Рычардсан (Dr Richardson) сказаў у гэтай сувязі: “Мы не знайшлі доказаў на генетычныя перавагі для пазапартнёрскіх капуляцый як такіх, таму што выжывальнасць “звычайных” і “пазапарных” патомкаў была ў сярэднім аднолькавая. Аднак быць нявернай самцу з нізкай разнастайнасцю генаў азначала для самак мець птушанят, якія не будуць мець разнастайнасць генаў ніжэйшую за сярэднюю. І, значыць, будуць мець больш шанцаў выжыць”.
Даследаванне праводзіла вялікая каманда навукоўцаў з універсітэтаў Ўсходняй Англіі, Шэфілда (абодва з Вялікабрытаніі), Гронінгена (Нідэрланды) і арганізацыі Nature Seychelles з Сейшэльскіх астравоў.
Здымак з http://1.bp.blogspot.com
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Знойдзена самая сексуальная птушка ў Свеце
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ