RSPB больш не прадае большасць тыпаў птушыных сталовак каб прыпыніць трыхаманоз

зелянушка

Каралеўскае таварыства абароны птушак RSPB, заснаванае ў Вялікабрытаніі ў 1889 годзе і ў якім на сённяшні дзень каля 1,2 мільёна сяброў, прыпыніла продажы сталовак для птушак з плоскімі паверхнямі (flat surfaces). Прадстаўнікі таварыства лічаць, што выкарыстанне такіх сталовак для дзікіх птушак дапамагае распаўсюджваць вельмі небяспечную для апошніх хваробу - трыхаманоз. 

У сваім звароце RSPB, якое штогод праводзіць масавыя зімовыя ўлікі птушак пад назвай Big Garden Birdwatch і якія адбудуцца сёлета на гэтым тыдні (24-25 студзеня), між іншым піша: "Мы ведаем, што шмат хто з вас любіць карміць птушак у сваім садзе і некаторыя віды сапраўды атрымліваюць карысць ад той дадатковай ежы, што мы ім на сталоўках прапануем, асабліва ўзімку. Тым не менш, павялічваецца колькасць сведчанняў, што для іншых птушак з-за гэтага  могуць быць таксама негатыўныя наступствы - такія, як распаўсюджанне хваробаў, асабліва сярод уюркоў.

Як мера перасцярогі, пакуль мы чакаем выніку агляду, мы вырашылі прыпыніць продаж усіх птушыных сталовак з плоскімі паверхнямі (столікаў, ваконных і падвясных сталовак з латкамі і падобных). Гэта з-за таго, што некаторыя птушкі, асабліва ўюркі, могуць заразіцца калі харчуюцца на плоскіх паверхнях”.

Папуляцыя брытанскіх зелянушак (Carduelis chloris) асабліва заўважна скарацілася ў апошнія дзесяцігоддзі, з 1993 году яна зменшылася на 63%, прычым трыхаманоз ‘стаіць’ за апошнімі змяншэннямі.

Даследаванні паказалі, што перадача ўзбуджальніка хваробы адбываецца ў птушак адна ад адной пад час харчавання дзякуючы адрыгнутай ежы у гнездавы сезон, або праз заражаную сліной з узбуджальнікам хваробы ежу, або заражаную воду на сталоўках і каля іх. Варта дадаць, што на Брытанскіх астравах людзі выкладваюць дадатковае харчаванне для дзікіх птушак не толькі ўзімку і звычайна харчаванне на сталоўках працягваецца круглы год.

--------------------

Трыхаманоз Trichomonosis - інфекцыйная заразная хвароба птушак, якую выклікае мікраскапічны паразіт з Працістаў - Trichomonas gallinae. Хаця трыхаманоз вядомы параўнальна даўно ў хатніх птушак, розных відаў галубоў і драпежных птушак, шырока вядомай хвароба стала летам 2005 году, калі яна ўпершыню была знойдзена як прычына масавай смяротнасці ў брытанскіх уюрковых. Эпізаотыя адбылася ў Вялікабрытаніі ў 2006-07 гг, але менш маштабная гібель зелянушак і берасцянак (Fringilla coelebs), якія паміраюць ад яе найчасцей, адбываецца пасля гэтага штогод. Тым не менш, трыхаманоз таксама адзначаны і ў іншых вераб’іных: дамавога вераб’я (Passer domestica), лясной завірушкі (Prunella modularis), вялікай сініцы (Parus major), чыжа (Carduelis spinus) ды іншых.

Паводле www.birdguides.com і www.bto.org падрыхтаваў Дзьмітры Віyчэўскі

Здымак самца зелянушкі Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

Карміць ці не карміць птушак узімку?

Дадатковае зімовае харчаванне павялічвае сярэдні памер кладкі вялікіх сініц менш, чым на 5%

Дадатковая ежа, якую мы прапануем птушкам зімой, не грае для іх вялікай ролі

Дзякуючы птушыным сталоўкам птушкі могуць хутка распаўсюджваць свае хваробы

Усе сінія сініцы ў Шатландыі карыстаюцца ежай на птушыных сталоўках?

Знайшлі прычыну незвычайна маштабнага памору сініх сініц у Германіі