Дадатковае зімовае харчаванне павялічвае сярэдні памер кладкі вялікіх сініц менш, чым на 5%

вялікая сініца

У апошнія гады працягваецца абмеркаванне часам супрацьлеглых вынікаў, да якіх прыводзіць дзікіх птушак магчымасць карыстацца ўзімку або круглы год з дадатковага харчавання антрапагеннага паходжання. У першую чаргу гэта даступныя для белых буслоў і розных відаў чаек гарадзкія звалкі адкрытага тыпу і вельмі папулярнае зімовае дадатковае харчаванне для вераб’іных птушак на т. зв. птушыных сталоўках.

На разнастайнай канструкцыі сталоўках, у адрозненне ад звалак, людзі адмыслова прапаноўвываюць птушкам спецыяльна падрыхтаваную для іх, а часцей за ўсё купленую ежу. Прычым трацяць на гэта сапраўды значныя сумы, якія тэарэтычна можна было б выкарыстаць на ахову ці аднаўленне прыроды, з чаго б скарысталіся і тыя птушкі, для якіх тое дадатковае харчаванне выкладваецца. Добра вядома, што ў адрозненне, напрыклад, ад постсавецкіх краін, дадатковае харчаванне ў Вялікабрытаніі прапануецца птушкам круглы год. Паводле апублікаваных дадзеных, для гэтага брытанцы пакупаюць прыкладна 150 тысяч тон спецыяльнай ежы штогод! А гэта прыкладна ў тры разы больш, чым неабходна усім брытанскім вераб’іным птушкам, каб выжыць.

Больш за 7 гадоў каманда шведзкіх навукоўцаў адсочвала змены ў размнажэнні папуляцыі вялікіх сініц (Parus major) на поўдні Швецыі, у тым ліку на працягу 4 сезонаў з-за дадатковага зімовага харчавання. З-за таго, што фізіялагічны стан самкі ёсць адным з крытычных фактараў перад пачаткам размнажэння, даследчыкі стараліся зразумець, наколькі харчаванне сініц на птушыных сталоўках магло дапамагчы ім дасянуць лепшай фізічнай формы вясной.

птушка

Самец вялікай сініцы спявае напярэдадні вясны. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

Тэрыторыя, на якой праводзілася даследаванне, забяспечваецца неабходнай для гнездавання сініц колькасцю сінічнікаў з 1988 году, і першыя тры гады навукоўцы збіралі дадзеныя без прапановы сініцам дадатковага харчавання. У наступныя 4 зімовыя сезоны ўся тэрыторыя была падзелена на 3 зоны: ‘эксперыментальную’ (на якой пастаянна выкладвалі дадатковае харчаванне для сініц), ‘кантрольную’ (без дадатковага харчавання) і прамежак паміж імі. Эксперыментальная і кантрольная зоны знаходзіліся на адлегласці каля 1 км паміж сабой. Вялікая доля сініц з абодвух зон кальцавалася і па паўторных адловах такіх акальцаваных птушак 97% з іх не перамяшчаліся паміж абранымі для параўнання тэрыторыямі. Гэта дало магчымасць сцвярджаць, што сініцы з кантрольнай зоны хутчэй за ўсё не карысталіся магчымасцю дадатковага зімовага харчавання ў эксперыментальнай.

Хаця адным з самых важных паказчыкаў поспеху размнажэння з’яўляецца колькасць птушанят, якія выляцелі з гнязда, даследчыкі параўновывалі іншыя важныя паказчыкі: сярэднюю дату пачатку адкладкі яек і памер сярэдняй кладкі. Паводле атрыманых дадзеных, сярэдняя дата пачатку адкладкі яек не адрознівалася паміж сініцамі з абодвух зон, а вось сярэдні памер кладкі быў большы ў птушак з эксперыментальнай зоны: 9,23 яек у самак з доступам да дадатковага харчавання зімой у параўнанні з 8,8 яек у самак без такой магчымасці. А гэта розніца толькі ў 4,9%! Цікава, што не змянілася шчыльнасць гняздуючых сініц у эксперыментальнай зоне пасля выкладвання ў ёй дадатковага харчавання для птушак у параўнанні з папярэднімі, 'кантрольнымі' гадамі.

Даследчыкі так пракаментавалі атрыманыя вынікі: "Выжыванне зімой і асабістая фізічная форма ў пачатку сезону размнажэння залежаць ад магчымасці атрымаць неабходныя рэчывы і рэсурсы для наступнага жыццёвага выкліка. Лягчэй з ім справіцца тым птушкам, якія маюць доступ да дадатковага харчавання, якое прапаноўваецца чалавекам.”  

Хаця аўтары прадэманстравалі вельмі нязначны пазітыўны эфект нашага дадатковага харчавання для птушак, яны засцерагаюць ад магчымых негатыўных наступстваў у выпадках, калі птушкі няправільна ацэняць патэнцыял лакальных ўмоваў месцапражывання. У дадатак трэба мець на ўвазе павялічаную рызыку паспяховага драпежніцтва ў месцах масавага пастаяннага скаплення птушак на сталоўках і каля іх і больш лёгкага распаўсюджання розных патагенаў у такіх месцах.

Крыніца: Broggi, J, Watson, H, Nilsson, J, & Nilsson, J-A. 2022. Carryover effects on reproduction in foodsupplemented wintering great tits. Journal of Avian Biology. DOI: https://doi.org/10.1111/jav.02969

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Верхні здымак Ірыны Самусенка

 

 

На гэтую тэму:

Карміць ці не карміць птушак узімку?

Дадатковая ежа, якую мы прапануем птушкам зімой, не грае для іх вялікай ролі

Птушыныя сталоўкі ў Вялікабрытаніі і Ірландыі змянілі месцы зімоўкі лесак-чарнагаловак з кантыненту

Дзякуючы птушыным сталоўкам птушкі могуць хутка распаўсюджваць свае хваробы

Харчаванне на звалках дапамагае белым буслам павялічыць поспех размнажэння

Усе сінія сініцы ў Шатландыі карыстаюцца ежай на птушыных сталоўках?

Знайшлі прычыну незвычайна маштабнага памору сініх сініц у Германіі