Склад харчавання вялікіх сініц і змены ў ім на працягу году

вялікая сініца

Вызначэнне адрозненняў у складзе харчавання ўнутры віда з’яўляецца адным з асноўных фактараў, каб зразумець адаптацыі папуляцый да адрозненняў у навакольным асяроддзі. Аднак вызначыць чым менавіта харчуюцца невялікія памерам віды часта немагчыма, асабліва калі гэта дробныя аб’екты і непасрэдныя назіранні за працэсам харчавання ўяўляюцца вельмі цяжкімі. Метабаркодзінг ДНК (DNA metabarcoding) можа дапамагчы пераадолець гэтыя цяжкасці, таму што дазваляе неінвазійна і дакладна вызначыць таксанамічныя групы ці катэгорыі, да якіх належала з’едзенае.

Неператраўленая ДНК у памёце параўнальна лёгка выдзяляецца і дзякуючы генетычным базам дадзеных для вялікай колькасці відаў безхрыбетных (прынамсі ў Еўропе), такіх як GenBank і BOLD, многае атрымліваецца вызначыць да больш-менш дакладнай таксанамічнай групы. Такім чынам, з выкарыстаннем метабаркодзінгу ДНК з памёта вялікіх сініц (Parus major) рознага полу і ўзросту міжнародная каманда даследчыкаў змагла на тэрыторыі Ірландыі вызначыць рэшткі ўсяго 160 відаў безхрыбетных, якія належаць да 141 роду. Вясной відавая разнастайнасць ежы вялікіх сініц была найбольшай (132 віды безхрыбетных), зімой - найменшай (80 відаў).  

Начныя матылі, павукі (без Clubionidae), журчалкі, паразітычныя восы і тля былі найбольш папулярнымі катэгорыямі здабычы сініц вясной, тады як узімку гэта былі начныя матылі, павукі, сапраўдныя мухі, галавыя восы і павукі з сямейства Clubionidae. Акрамя гэтага, зімой атрымалася вызначыць рэшткі (насення?) 47 відаў раслін, якія належалі да 20 радоў, прычым 4 віды былі прадстаўлены ў больш чым 39% адзінках памёту, наступныя 10 ў прыкладна 5% і наступныя віды ў менш, чым 5 %. Найбольш частымі сярод раслін былі рэшткі (арэшкаў?) бука (Fagus sp.; 89%) і пладоў з родуRubus sp. (ажыны і маліны; 45%). Часта сустракаліся і рэшткі ежы, якую сініцы з’ядалі на птушыных сталоўках (насенне сланечніка - 75%; арахіс - 39%).

Як і чакалася для віда-генераліста, самыя папулярныя ў складзе харчавання віды безхрыбетных хаця і былі параўнальна рэдкімі, тым не менш усе разам склалі да 30% адзінак здабычы. Зімовы пядзенік (Operophtera brumata) быў найбольш папулярным у якасці харчовых аб’ектаў, aднак наступныя па папулярнасці 10 відаў матылёў усе разам былі ў 4 разы больш важныя для сініц па колькасці. Былі знойдзены значныя адрозненні ў дыеце птушак ў розныя сезоны году і паміж рознымі гадамі. Узімку безхрыбетныя і насенне прыродных відаў раслін шырока выкарыстоўваліся сініцамі негледзячы на тое, што ў іх быў пастаянны доступ да ежы на птушыных сталоўках. 

Склад харчавання значна адрозніваўся ў розных тыпах лесу: у сасновых лясах птушкі здабывалі шмат відаў, прыстасаваных да сасоннікаў, але таксама знаходзілі і з’ядалі і віды шырокалісцевых лясоў. Узімку сініцы часцей карысталіся арахісам на сталоўках у сасонніках, чым калі жылі ў змешаных тыпах лесу. Таксама зімой сініцы першага году жыцця з’ядалі больш безхрыбетных, чым дарослыя птушкі (хутчэй за ўсё таму, што былі менш селектыўнымі), а букавыя арэшкі сустракалася ў складзе іх харчавання ў два разы часцей, чым у дарослых.

Крыніца: Coomes J.R. et al. 2025 Spatio-Temporal Variation in Diet Among Age and Sex Cohorts of a Model Generalist Bird Species, the Great Tit Parus major: New Insights Revealed by DNA Metabarcoding. Ecology and Evolution 15:7 July 2025 e71565 https://doi.org/10.1002/ece3.71565

Паводле https://onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

Для сініц у гарадах крытычна важная абарыгенная расліннасць

З-за недахопу безхрыбетных у харчаванні вялікія сініцы ў гарадах менш яркія, чым у лясах

Сініцы хутка вучацца ад іншых сініц што есці не варта

Самае працяглае даследаванне той самай папуляцыі птушак адзначае 75-годдзе