
Гарадзкія тэрыторыі працягваюць павялічвацца па ўсяму Свету. Таму глыбейшае разуменне таго, як функцыянуюць зялёныя насаджэнні ў гарадах важнае, каб ствараць ці ўтрымліваць у належным стане наваколле для эфектыўнай падтрымкі дзікай прыроды ў нашых гарадах.
Звычайна гарадзкая прастора засаджана вялікай колькасцю чужароднай расліннасці, якая забяспечвае ежай і адпаведнымі ўкрыццямі даволі абмежаваныя папуляцыі насякомых. У выніку абмежаванне колькасці безхрыбетных у гарадах наўпрост адлюстроўваецца на наступным трафічным узроўні як значна зменшаны поспех размнажэння насякомаедных птушак у гарадзкім асяроддзі. Тым не менш, як канкрэтна яны даюць сабе рады ў канкрэтных умовах, застаецца збольшага невядомым.
Каб адказаць на гэтае пытанне, у сярэдняй велічыні горадзе Veszprém (Венгрыя) на працягу ўсяго гнездавога сезону ў 2021 годзе адсочваліся перамяшчэнні дарослых самак вялікіх сініц (Parus major) з некалькіх пар з дапамогай наўпроставых назіранняў і радыё-перадатчыкаў. Адначасова рабіліся відэа-запісы прыносаў здабычы птушанятам і яе вызначэнне, а пазней было зроблена падрабязнае батанічнае апісанне тэрыторыі, дзе адбываліся пошукі ежы.
Такі інтэграваны падыход дазволіў знайсці наўпроставую сувязь паміж паводзінамі вялікіх сініц пад час пошуку ежы, выбарам расліннасці для гэтага і кормам для птушанят. Было вызначана, што акрамя кронаў дрэваў, птушкі таксама часта выкарыстоўваюць наземную расліннасць і што наяўнасць сталовак для птушак значна ўздзейнічае на выкарыстанне імі прасторы.
Пад час пошуку ежы вялікія сініцы звычайна пазбягаюць неабарыгенных відаў раслін, асабліва чужародных шырокалісцевых дрэваў. Нечакана аказалася, што найбольш эфектыўны пошук паводле праведзенага там часу і знаходак насякомых і іх лічынак адбываецца на іглічных дрэвах, хаця яны забяспечваюць толькі параўнальна невялікую долю вусеняў (найбольш упадабаны тып здабычы). Акрамя гэтага было знойдзена, што сініцы найчасцей выбіраюць для пошуку ежы вялікія дрэвы абарыгенных відаў і нашмат радзей выкарыстоўваюць для гэтага (і знаходзяць там менш здабычы) найбольш распаўсюджаныя на іх тэрыторыі гнездавання дрэвы чужародных відаў.
Атрыманыя вынікі адназначна сведчаць, што каб палепшыць якасць месцапражыванняў для насякомаедных відаў птушак у гарадах, неабходна павялічваць колькасць старых дрэваў абарыгенных відаў і разнастайнасць абарыгеннай расліннасці ўвогуле.
Крыніца: Seress G. et al. 2025 Radio-tracking urban breeding birds: The importance of native vegetation, Ecological applications 35:1 https://doi.org/10.1002/eap.3095
Паводле https://esajournals.onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Віталя Некраcневіча
На гэтую тэму:
З-за недахопу безхрыбетных у харчаванні вялікія сініцы ў гарадах менш яркія, чым у лясах
Сталоўкі для птушак змяняюць даўжыню дзюбы ў вялікіх сініц
Недахоп насякомых у гарадах змяншае поспех размнажэння птушак
Гарадзкія і негарадзкія вялікія сініцы адрозніваюцца генетычна
Маладым птушкам найцяжэй выжыць у горадзе?
Гарадзкія птушкі жывуць даўжэй, але іх жыццёвы патэнцыял значна горшы
Як жыццё ў горадзе ўздзейнічае на мікрабіёту і выжыванне вераб’ёў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ