У драпежнай птушкі знойдзена генетычная адпорнасць на таксін рапухі агі

У 1978 годзе рапуха ага (Rhinella marina), якая з’яўляецца абарыгенам Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі, была інтрадукаваная для знішчэння шкоднікаў сельскай гаспадаркі на востраў Ishigaki (правінцыя Okinawa, Японія). Гэтыя рапухі выдзяляюць таксін, які ахоўвае іх ад драпежнікаў, бо можа стаць смяротным для іх. Тым не менш, на гэтым востраве знайшоўся адзін драпежнік, адпорны на такcін рапух-інтрадуцэнтаў. Аказалася, што чубаты арол-вужаед (Spilornis cheela), які шырока распаўсюджаны ў Паўднёва-Усходняй Азіі, аднак знікае ў Японіі, без бачных праблем здабывае і з’ядае рапух.

Падобныя выпадкі заахвоцілі даследчыкаў з універсітэту Kyoto (Японія) вывучыць патэнцыйную адпорнасць птушак на таксін рапух. Вядома, што як мінімум некаторыя віды драпежных жывёл, якія харчуюцца ахвярамі, якія выпрацоўваюць для сваёй абароны таксіны, маюць ген ATP1A. Таму японскія навукоўцы вырашылі праверыць наяўнасць гэтага гена ў чубатага арла-вужаеда і потым паспрабаваць зразумець, адкуль з’явілася генетычная адпорнасць у птушкі.

Даследчыкі сабралі неабходныя для правядзення параўнанняў геномаў узоры крыві і мышачнай тканкі ў птушак з астравоў Iriomote і Ishigaki (адзіных месцаў, дзе чубаты арол-вужаед сустракаецца ў Японіі), а таксама ў арлоў-вужаедаў іншага падвiду, які жыве на інданезійскім востраве Simeulue і яшчэ ў 8 іншых відаў драпежных птушак.

Пасля секвенавання адпаведнага ўчастку геному было знойдзена, што арлы-вужаеды не толькі маюць неабходны ген, але ён кадуе тую ж паслядоўнасць амінакіслот, што і ген ATP1A малайскага хмызняковага вужа (Rhabdophis subminiatus). Акрамя гэтага, чубаты арол-вужаед з’яўляецца адзіным відам з правераных навукоўцамі драпежных птушак, які мае гэты ген. Зразумела, што від ‘набыў’ яго задоўга да таго, як сутыкнуўся з магчымасцю паляваць на атрутных рапух і іх есці.

Тым не менш, без адказу застаюцца наступныя пытанні: патэнцыйнае доўгатэрміновае ўздзеянне таксіну рапух агаў на арлоў і ўключэнне першых у прыродныя харчовыя ланцугі на востраве.

Крыніца: Alisa Tobe et al, Evolutionary insights into Na+/K+-ATPase-mediated toxin resistance in the Crested Serpent-eagle preying on introduced cane toads in Okinawa, Japan, BMC Ecology and Evolution (2025). DOI: 10.1186/s12862-025-02412-9

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Swami Atmananda

 

 

На гэтую тэму:

Аўстралійскія ібісы навучыліся ачышчаць рапух ад яду перад тым, як іх з’есці