Вялікія кулёны з Польшчы: найбольш даследаваны чортаў тузін

вялікі кулён

Больш за пяць гадоў таму, у якасці аднаго з вынікаў папярэдняга праекту LIFE, які здзяйсняла Польскае таварыства аховы птушак (Polskie Towarzystwo Ochrony Ptaków, РТОР), 5 ліпеня 2020 г. у даліне Бугу выпусцілі групу з 13 вялікіх кулёнаў (Numenius arquata), якіх вывелі ў інкубатары. Яны разляцеліся ў розныя краіны, але дзякуючы жоўтым пластыкавым сцяжкам на нагах, атрымалася прасачыць іх лёс.

На сённяшні дзень вядома, што мінімум 9 з іх (69%) пражылі свой поўны першы год. Гэта можна прызнаць выдатным вынікам, таму што на прыкладзе іншых прадстаўнікоў гэтага віду, пазначаных перадатчыкамі GPS, вядома што можа быць і горш.

Вядомыя месцы зімовак для 5 птушак з гэтага тузіна: тры знаходзяцца ў Францыі (прычым адно знаходзіцца далёка ад узбярэжжа і гэта даволі ўнікальна для віду) і па аднаму у Нідэрландах і Іспаніі.

Мінімум 9 кулёнаў вярнуліся ў Польшчу і адзначаны ў гэтай краіне прынамсі аднойчы пасля выпуску ў прыроду. Для 8 птушак атрымалася пацвердзіць гнездаванне або яно падазраецца, прычым з іх 2 самкі і 6 самцоў.

У гэтым сезоне-2025 было вядома пра месца знаходжання 7 кулікоў, з якіх 5 гнездавалі на ТВП Bagnо Pulwy (Цэнтральна-Усходняя Польшча), a 2 ў даліне Бугу (Паўднёва-Усходняя Польшча). У 6 птушак быў партнёр, а яшчэ адзін тэрытарыяльны самец увесь сезон застаўся самотным. Цікава, што ён прайграў канкурэнцыю за самку (таксама, як і ён, з інкубатара, але выпушчаную ў даліне Noteci) з іншым самцом са свайго выпуску. Усяго сёлета было знойдзена 5 гнёзд гэтых птушак. Адзін з самцоў пад час інкубацыі быў злоўлены і з’едзены (як і яйкі) хутчэй за ўсё самкай балотнага луня.

Тое, што атрымалася толькі дзякуючы пластыкавым сцяжкам атрымаць столькі падрабязнай інфармацыі, даказывае іх эфектыўнасць. На жаль, паспяховае вывядзенне птушанят вялікага кулёна ў інкубатары не вырашае галоўных праблем віду: драпежніцтва і страты месцаў гнездавання. Аднак прынамсі дапамагае падтрымаць і адбудаваць папуляцыю, а таксама ‘купіць час’ на знаходжанне выйсцяў з праблем, якія не ёсць ні лёгка-, ні хуткавырашальнымі. Для гэтага год таму і пачаўся новы праект LIFE.

----------------------------------------------------------------------------------------------------------

Projekt „Kulik WIELKI zagrożony. Ochrona kulika wielkiego Numenius arquata w Polsce” nr 101147995 LIFE23-NAT-PL-LIFEkulikPL, współfinansowany jest przez Unię Europejską ze środków Funduszu LIFE oraz Narodowy Fundusz Ochrony Środowiska i Gospodarki Wodnej. 

Паводле PTOP - Polskie Towarzystwo Ochrony Ptaków (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Вялікі кулён з Польшчы вясной праляцеў праз усю Беларусь

Нашых (і не толькі) птушак у Францыі чакаюць добрыя змены?

Як адчуваюць сябе вялікія кулёны ў Польшчы?