Кошты і выйгрышы разлёту птушанят пасля вылету з гнязда залежаць ад канкрэтнай стратэгіі, якую яны выбіраюць. Аднак механізмы і рэалізацыя гэтых стратэгій яшчэ малапазнаныя ў многіх відаў. Натальны разлёт (natal dispersal) і асаблівасці міграцыі маладых зімародкаў (Alcedo atthis) каманда навукоўцаў вывучала для папуляцый віду з Чэхіі і Славакіі.
Каб вызначыць натальную дысперсію маладых птушак, на працягу 2014-18 гг у двух гнездавых папуляцыях былі акальцаваныя 1911 птушанят, з якіх атрымалася пераадлавіць толькі 19 (0,36%). Тым не менш, большасць зімародкаў (74%) загнездавалі на адлегласці да 20 км ад месца нараджэння (median dispersal distance = 10.5 км), прычым не было знойдзена адрозненняў ні паміж птушкамі з розных папуляцый, ні залежнасці ад іх полу.
Каб знайсці іншыя магчымыя заканамернасці перамяшчэнняў птушак пасля іх вылету з гнязда, даследчыкі выкарысталі дадзеныя цэнтраў кальцавання Чэхаславакіі, Чэхіі і Славакіі за мінулыя 50 гадоў (n=264). Асобіны-мігранты, якія адляталі на зіму, значна перавышалі колькасць аселых (62 і 38% адпаведна). Гэтыя суадносіны мяняліся ў розныя дэкады, прычым доля мігрантаў павялічвалася з цягам часу. Аказалася, што адлегласць, на якую маладыя зімародкі ляцелі зімаваць, залежала ад даты іх вылуплення і птушкі, якія з’явіліся на свет раней і выляцелі з гнязда ў мае-ліпені, дэманстравалі тэндэнцыю ляцець далей, чым тыя, што выляцелі ў жніўні-верасні.
Таксама была знойдзена залежнасць у кірунку міграцыі ад месца вылуплення зімародкаў: птушкі з Багеміі і са Славакіі ляцелі пераважна на паўднёвы захад, тады як зімародкі з Маравіі мігравалі пераважна на поўдзень. Апошнія зімавалі ў краінах Заходняй Еўропы, тады як птушкі з Маравіі і Славакіі збольшага праводзілі зіму ў Паўднёвай Італіі, на Балканах і на поўначы Афрыкі.
Крыніца: Rubáčová, L., Čech, P., Čech, M., Melišková, M., & Barka, M. (2026) Natal dispersal and migratory behaviour of juvenile kingfishers (Alcedo atthis) from Central Europe. Ornis Fennica https://doi.org/10.51812/of.161926
Паводле https://ornisfennica.journal.fi падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж
На гэтую тэму:
Польскі зімародак апынуўся ў ... Вялікабрытаніі!
Зімародкі з Паўднёвай Афрыкі аказаліся далёкадыстанцыйнымі мігрантамі
Незвычайная лінька звычайнага зімародка
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ